Ініцыятыўным групам Статкевіча адмаўляюць у рэгістрацыі
У акруговых камісіях масава адмаўляюць у рэгістрацыі ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча. Усе адмовы напісаныя “пад капірку”.
У акруговай камісіі № 52 Гарадзенскай сельскай акругі патлумачылі, што дакумэнты Статкевіч перадаў паводле даверанасьці, якая была завераная начальнікам вязьніцы. А адмовілі ў рэгістрацыі на падставе заканадаўства, паводле якога грамадзяне, якія адбываюць пакараньне, ня маюць права балятавацца ў дэпутаты. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла праваабаронца Сьвятлана Руткоўская, якая прысутнічала на паседжаньні камісіі.
Паводле Руткоўскай, дакумэнты Статкевіча разглядалі апошнімі. Старшыня камісіі нават удакладніла, што раілася з Цэнтравыбаркамам наконт рэгістрацыі кандыдатуры Статкевіча, і там ёй пацьвердзілі, што рашэньне прынята правільнае.
Таксама на паседжаньні акруговай камісіі было абвешчана, што ў ініцыятыўную групу Статкевіча запісаныя 114 чалавек — усе яны адбываюць пакараньне ў той самай вязьніцы, што і Статкевіч.
Астатнія чатыры ініцыятыўныя групы ў Гарадзенскай сельскай акрузе № 52 былі зарэгістраваныя.
На Магілёўшчыне, паводле паплечніка асуджанага палітыка Аляксандра Ірхо, дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп падаваліся ў 11 з 13 выбарчых камісіяў рэгіёну.
Актывіст зазначае, што ўва ўсіх камісіях на момант падачы дакумэнтаў ведалі, хто такі Мікалай Статкевіч:
У адной з камісіяў адмовіліся браць дакумэнты, калі ж я адмовіўся іх забіраць назад, то іх выкінулі ў сьметніцу.
«Калі прымалі дакумэнты шараговыя сябры камісіі, то праглядзеўшы іх пыталі: „А гэта той Статкевіч, які сядзіць?“ і адразу браліся тэлефанаваць сакратару, ці старшыні камісіі. Сябра адной з камісій мне паведаміў, што калі прыяжджала ў Магілёў Ярмошына, казала, каб камісіі дакумэнты Статкевіча прымалі, а потым адмаўлялі ў рэгістрацыі на той падставе, што ён ня мае права балятавацца, бо асуджаны. У адной з камісіяў адмовіліся браць дакумэнты, калі ж я адмовіўся іх забіраць назад, то іх выкінулі ў сьметніцу. Тут была парушана інструкцыя Ярмошынай, бо трэба было прыняць дакумэнты, а потым даць рашэньне па іх разглядзе. У Бабруйску сакратар адной з камісіяў прыгразіў мне, што, калі б яго была воля ён бы на мяне за дакумэнты Статкевіча паскардзіўся ў пракуратуру».
У акруговых камісіях пацьвярджаюць, што адмаўлялі ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Статкевіча, бо іхны вылучэнец паводле заканадаўства ня мае права балятавацца на дэпутацтва, бо асуджаны й знаходзіцца за кратамі.