Выбары

Ініцыятыўныя групы кандыдатаў на прэзыдэнта будуць складацца з адной-дзьвюх тысяч чалавек

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў размове са Свабодай заявіла, што ў выпадку прызначэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў на 11 кастрычніка ЦВК будзе ўжо 1 ліпеня прымаць ад патэнцыйных кандыдатаў заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Ці пасьпеюць да гэтага часу падрыхтаваць сьпісы сябраў ініцыятыўных групаў патэнцыйныя прэтэндэнты?

Сёлета падрыхтаваць сьпісы будзе больш складана, чым падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніяў, лічыць Віктар Карняенка — кіраўнік ініцыятыўнай групы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

Віктар КарняенкаВіктар Карняенка

«Сытуацыя крыху ўскладнілася. Упершыню да тых дадзеных, якія раней падаваліся на сябраў ініцыятыўных групаў, дадаліся іх пашпартныя дадзеныя. Раней дастаткова было паказаць прозьвішча, імя, імя па бацьку, адрас, год нараджэньня. А пашпартныя дадзеныя — гэта, як мне падаецца, адна з навэлаў 2013 году.

Шмат хто з рэгіяналаў пра гэта нават ня ведаў. Крыху складаней будзе. Але калі людзі арыентаваліся працаваць, займацца палітычнай дзейнасьцю, то я ня думаю, што гэта можа быць нейкай перашкодай ці адгаворкай.

А што тычыцца даты 1 ліпеня — калі скласьці сьпісы не атрымаецца да гэтай даты, то тады, мабыць, гэта не атрымаецца ніколі. Таму, зразумела, і нам трэба пасьпець».

Прадстаўнік патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Сяргея Гайдукевіча — ягоны сын Алег кажа, што ініцыятыўная група бацькі была гатовая яшчэ год таму:

Алег ГайдукевічАлег Гайдукевіч

«Цяпер мы яе шліфуем. А з ЦВК Сяргей Васільевіч кантактуе амаль штодня. На гэтым тыдні, напрыклад, тройчы. Мы ведаем, што ўнесены некаторыя зьмены ў выбарчае заканадаўства. Напрыклад, цяпер трэба паказваць каардынатараў па раёнах, ёсьць іншыя навэлы, дадаваць прыйдзецца даволі шмат новага.

Ініцыятыўная група ў нас будзе прыкладна дзьве тысячы чалавек. Можа 1800, можа 2200. Але ня меней за гэтыя лічбы. Такая колькасьць, на нашу думку, адпавядае нармальнай рабочай групе. Яна стане больш кампактнай, ёй будзе прасьцей кіраваць. Мы зыходзілі з таго, што калі ў кандыдата ў групе меней за адну тысячу чалавек, то верагоднасьць сабраць 100 тысяч подпісаў малая.

А панесьці сьпісы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК мы рыхтуемся на пачатак ліпеня».

Алена АнісімАлена Анісім

«Наша задача — мець у ініцыятыўнай групе каля дзьвюх тысяч чалавек — застаецца нязьменнай», — кажа Свабодзе патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта, першы намесьнік старшыні праўленьня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

«У нас зараз фармаваньне ініцыятыўнай групы ў самым разгары. Мы зьвярнуліся да ахвотных далучыцца да нашай каманды таксама і праз інтэрнэт-сродкі. Я не магу сказаць, што мы першымі з усіх кандыдатаў панясём дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, але мы ўкладземся ў адведзены законам час. Спадзяюся, што гэта ў нас атрымаецца.

Мы абазначылі сваё заданьне — бачыць у ініцыятыўнай групе дзьве тысячы чалавек. Гэтага з парадку дня не здымалі і ад гэтай мэты не адступіліся».

Сяргей КалякінСяргей Калякін

Пра гатоўнасьць здаць неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы сказаў Свабодзе і патэнцыйны кандыдат — лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Ён дадаў, што партыя ня лічыць неабходным сьпяшацца з гэтай справай і аднесьці дакумэнты ў Цэнтравыбаркам менавіта 1 ліпеня, бо закон дазваляе зрабіць гэта і пазьней:

«Дакумэнты аб ініцыятыўнай групе можна перадаць у ЦВК за 85 дзён да пачатку выбараў. Гэта прадугледжваецца законам.

Але мы рыхтуемся. У нядзелю прыедуць нашы людзі з рэгіёнаў, і тады мы дакладна будзем ведаць сытуацыю, у прыватнасьці, колькі чалавек ужо ёсьць у групе. Зразумела, што гэта будзе болей за тысячу чалавек. Можа нават за дзьве. Актывісты кажуць, што людзі запісваюцца ў групу, яна фармуецца. На нядзельнай сустрэчы вызначымся з кандыдатурай кіраўніка ініцыятыўнай групы».

Згодна з заканадаўствам у склад ініцыятыўнай групы кандыдата на прэзыдэнта павінна ўваходзіць ня меней за 100 чалавек. А вось верхняга абмежаваньня закон не прадугледжвае.

Уладзімір ГлодРадыё Свабода