Ізноў правакацыі?
У камеру да Мікалая Статкевіча спабавалі памясціць чалавека, хворага на сухоты.
Аб гэтым даведалаяся жонка палітыка, Марына Адамовіч. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку яна напісала:
«Што яшчэ хачу сказаць…
Уладзіміра Пракопавіча захапілі, калі ён ішоў да лекара. Атрымалі незаконным шляхам інфармацыю, што чалавек дрэнна сябе адчувае, мае патрэбу ў лекаванні, (заўважу, што даўно ўжо не саромеюцца і не хаваюць, што праслухоўваюць усе размовы сваіх палітычных апанентаў; не саромеюцца нават па тэлебачанні паказваць, а пракуратура і суд, парушэнняў заканадаўства, канешне ж, нават з лупай «не ўстанаўліваюць») і вельмі ж паспяшаліся, па дарозе скралі. Хуценька «суд» арганізавалі і «суткі» зляпілі. Ясная справа, маючы ТАКІХ сведкаў — «в гражданской форме одежды» — з іх «несупярэчлівымі» паказаннямі, лёгка зляпіць. Іншых жа ў іх не бывае, ці яны выяўляюцца «зацікаўленымі».
Але гэта так — лірычнае адступленне.
Па сутнасці ж хачу сказаць, што ніякіх іншых мэтаў такой паспешлівасці (астатніх вунь толькі на гэтым тыдні «судзілі»), як спадзяванне нанесці найсур\’ёзнейшую шкоду здароўю Uladzimir Niakliaeu тут не праглядаецца. Тым больш, не ўпершыню: і выкраданне з бальніцы хуткай дапамогі ў 2010-м, і заявы берасцейскіх «лекараў» у сакавіку гэтага года, і папярэднія «суткі» таму доказам.
Мы ўсё гэта таксама зведалі напоўніцу: і аварыі, і спробы іх справакаваць, і спробы атручвання (ці адну толькі?). Вось і сёння атрымала звесткі, што Мікалая спачатку пасадзілі ў ізаляваную, вельмі вільготную камеру з цвіллю паўсюль, нават на ваконных шыбах (для тых, хто «ў тэме» — №5, па маіх звестках), а потым завялі ў яе вельмі зняможанага і відавочна збітага (з загрыміраванымі сіньцамі на твары!!!) чалавека, які прызнаўся, што хворы на сухоты, і што міліцыянты забаранілі яму гаварыць пра гэта. Са слоў суразмоўцы, чалавек быў відавочна запалоханы і вельмі слабы.
Я не ведаю, што гэта — ці толькі яшчэ адно сведчанне бесчалавечнай сутнасці сістэмы, якая гатовая знішчыць любога; ці чарговая спроба рэалізаваць «элегантны» план па фізічнаму знясіленню, а, калі пашанцуе, то і знішчэнню, найбольш паслядоўнага апанента?
Але тое, што Мікалая не прывезлі ў суд, хаця збіраліся; не дапускалі адваката; нарэшце, не прапусцілі ніводнага ліста; а галоўнае — наш ранейшы досвед — прымушае мяне думаць, што выпадковасцяў тут не бывае.
P.S. Чалавек, які ў гэтым актыўна ўдзельнічаў, і на чые «змены» Мікалай чамусьці трапляе пастаянна, некалі завяраў мяне, што ў іх «ўсё па закону». «Што ж, — сказала я, — калі па закону, то я шчыра жадаю, каб у бліжэйшы час Вы ці Вашы блізкая тут, выключна па закону, апынуліся. Гэта ж нястрашна».
Каб вы бачылі, як ён спужаўся і як пачаў мяне клясці (і маіх нашчадкаў таксама).
Для мяне гэта — найбольшае сведчанне таго, што яны разумеюць, што робяць. Разумеюць і баяцца.»