Навіны

Каго меў на ўвазе Статкевіч?

У сваім лісьце з-за кратаў экс-кандыдат у прэзыдэнты, палітвязень Мікалай Статкевіч сьцьвярджае, што некаторыя экс-кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году патрабавалі ягонага прэвэнтыўнага арышту перад 19 сьнежня.

Як камэнтуюць гэта іншыя ўдзельнікі мінулай прэзыдэнцкай кампаніі?

Мікалай Статкевіч спасылаецца на паказаньні аднаго кандыдата, якія былі ў ягонай судовай справе. Гэты кандыдат за некалькі дзён да вулічнай акцыі зьвярнуўся да падпалкоўніка міліцыі, каб той перадаў начальству, што Статкевіча трэба арыштаваць да 19 сьнежня. Як гаворыцца ў лісьце палітвязьня, у справе ёсьць пацьвярджальныя паказаньні таго падпалкоўніка. Статкевіч не выключае, што гэта быў не адзіны кандыдат, які патрабаваў яго прэвэнтыўнага арышту.

Экс-кандыдат Алесь Міхалевіч кажа: цалкам можна сабе ўявіць, што менавіта так усё і было.

Алесь Міхалевіч
«Што да мяне асабіста,то я ня быў на судовых пасяджэньнях. Таму я дакладна ня ведаю, хто гэта такія рэчы мог казаць і ў чыіх гэта было паказаньнях. Я ня браў удзелу ў арганізацыі Плошчы і быў там проста як адзін з удзельнікаў. Я ўпэўнены, што так званы разбор палётаў трэба рабіць. І зразумела, гэта яшчэ будзе агучана, пасьля таго, як Мікалай Статкевіч будзе на свабодзе. Думаю, што цяпер Статкевіч гэта агучвае ў сувязі з тым, што мае троху палёгку ў камунікацыях. Раней ён быў фізычна ізаляваны і ня мог такія рэчы ўздымаць».
Алесь Міхалевіч
Што хаваецца за словамі Статкевіча, экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў не зразумеў.
Рыгор Кастусёў

«Тут цяжка камэнтаваць. Выйдзе — зьбяромся, пагаворым. Будзе прасьцей расставіць кропкі. Ну, а пакуль, тым больш калі ён сядзіць у турме, тут вельмі складана на гэтую тэму гаварыць. Ад розных людзей на ўзроўні чутак да мяне даходзіла інфармацыя, каб мяне перад Плошчай затрымаць. Таму мы проста ў той час прынялі меры перасьцярогі і паасобку дабіраліся да Плошчы. Ва ўсякім разе, не было праблемаў дабрацца да Плошчы».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук сказаў, што цягам кампаніі не сутыкаўся ні зь Някляевым, ні са Статкевічам, ні з Саньнікавым:

Яраслаў Раманчук

«Тыя рэчы, якія існуюць паміж Някляевым, Саньнікавым і Статкевічам, няхай яны высьвятляюць паміж сабой. Перш за ўсё, каб людзі ведалі праўду. Вось гэтай праўды, два гады мінула, бракуе. Паміж гэтымі трыма кандыдатамі і трэба гэтую праўду шукаць. Каб тыя людзі, якія рабілі хібы, панесьлі адказнасьць. А хавацца за нейкімі дамоўленасьцямі, „мы паразмаўляем“, — гэта вельмі слабая пазыцыя».

Віктар Цярэшчанка таксама нічога ня ведае пра кандыдата, які мог прасіць прэвэнтыўнага арышту Статкевіча:

Віктар Цярэшчанка

«Мікалая Статкевіча многія гады ведаю як таленавітага, высокай культуры, адукаванага чалавека. Яго вылучэньне ў кандыдаты разглядаў як дастойную кандыдатуру. Што да яго выказваньняў, — магчыма, гэта адносіцца да факту, які мае ці ня мае месца. Мне гэта невядома».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрый Вус перасьцерагае ад скарасьпелых высноваў:

Дзьмітрый Вус

«Ён цяпер у турме, і там вялікая цэнзура. Пакуль ён ня выйдзе і сам гэтага ня скажа, я ў гэта не паверу. Бо гэтыя людзі, якія цяпер ля ўлады, здольныя на ўсё. Цэнзура. Мае некаторыя лісты не прапускаліся. Яны прапускаюць тое, што ім выгадна, і тое, што яму ўводзяць у вушы. Ён поўнасьцю ізаляваны. На гэтым этапе чалавек ня можа валодаць аб’ектыўнай інфармацыяй. Пакуль ён ня выйдзе і не агучыць, ня варта нават гэтаму вялікай увагі надаваць. Можна такіх дроў наламаць. Можа, гэта некаму і выгадна, каб наламалі».

Віталь Рымашэўскі кажа, што пытаньне, узьнятае Статкевічам, важнае і актуальнае. І неабходна шчырая, сур’ёзная размова пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Віталь Рымашэўскі

«Асноўнае пытаньне, якое задае Статкевіч, — трэба сур’ёзна абмеркаваць тое, што адбылося на Плошчы, пасьля Плошчы і напярэдадні. Няма нічога таемнага, што ня стала б вядомым. Мне вядомыя некаторыя рэчы з паказаньняў, зь якімі я знаёміўся, з матэрыяламі іншых кандыдатаў, якія трапілі дзіўным чынам у маю справу. Многія рэчы мусілі быць агучаныя ўжо даўно. Але з-за таго, што людзі знаходзяцца за кратамі, іх агучваць немагчыма. Але калі высноваў не рабіць, то падзеі будуць паўтарацца».

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода