Калі нашы замкі пабурылі, прыйдзецца адбудаваць іх ізноў
Любы селянін, які пайшоў на вайну, атрымоўваў волю і шляхетную годнасць. Але воля без зямлі – гэта адказнасць за сваё выжыванне, што ў арандатарах было цяжка забяспечыць. Таму гэты шлях абірала меньшасць. Але ж выбар быў.
Мікалай Статкевіч працягвае разважаць пра магчымую нацыянальную ідэю для Беларусі…
“Усё роўна, калі нам, у большасці выпадкаў свядома, пабурылі нашы замкі і крэпасці, то прыйдзецца адбудаваць іх ізноў. І чым хутчэй, тым лепей. Бо замкі – гэта матэрыальнае, візуальнае і відавочнае ўвасабленне гісторыі. А будаваць нацыю мв можам толькі на гістарычным падмурку, бо ні на агульнай мове, ні на агульнай гісторыі гэта немагчыма па вядомым прычынам. Суб’ектам жа гісторыі на нашых землях да пачатку ХХ стагоддзя была толькі шляхта. Беларускі праект яна і пачала, бо Каліноўскі, Багушэвіч, Купала, Багдановіч і г.д., і г.д. з яе паходзілі. …
Перачытваю зараз “Каласы пад сярпом тваім”. Ізноў захапляюся і гістарычнай эрудыцыяй Караткевіча (дзе ён толькі атрымаў забароненыя і небяспечныя ў 60-х гадах звесткі), і тым, як шмат узгадак і фактаў пра нашу гісторыю ён здолеў размясціць у сваіх творах. Мабыць, скарыстаўся напоўніцу гістарычнай неадукаванасцю тагачасных цэнзараў . Дык вось, у “Каласах…” ён піша, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Магілёўскай губерніі на 87 тысяч сялян было 30 тысяч шляхты. Таксама ён жа піша, што любы селянін, які пайшоў на вайну, атрымоўваў волю і шляхетную годнасць. Але воля без зямлі – гэта адказнасць за сваё выжыванне, што ў арандатарах было цяжка забяспечыць. Таму гэты шлях абірала меньшасць. Але ж выбар быў. Дарэчы, наўрад ці працэнт казакоў ва Украіне быў большы. Таму няварта саромецца. Мы – шляхетная нацыя”
Мікалай Статкевіч
Магілёў, 20.05.2013