Каманда Статкевіча падтрымала лідэра
Сацыял-дэмакраты вызначыліся – “Народная грамада” будзе браць удзел у парламенцкай кампаніі. Такое рашэнне прынятае на пашыраным паседжанні Прэзідыума Аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Такім чынам, сацыял-дэмакраты падтрымалі свайго лідэра – Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца за кратамі.
У прынятай рэзалюцыі, у прыватнасці, гаворыцца:
…Беларускі рэжым, на працягу доўгіх гадоў парушаючы асноўныя законы будаўніцтва дзяржавы і нацыі, прывёў Беларусь у стратэгічны тупік.
З фазы псеўдаразвіцця рэжым перайшоў у фазу накаплення пазык і продажу найбольш ліквідных актываў дзеля свайго захавання.
Мэта захавання ўлады прывяла пасля 19 снежня да новых беспрэцэдэнтных дзеянняў па задушэнню любых форм кансалідацыі грамадства і грамадскага пратэсту.
Змяненні у заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, аб грамадскіх аб’яднаннях, папраўкі, унесеныя у КоАП, прывялі да яшчэ большага ўціску на палітычныя і грамадзянскія структуры, зрабілі іх легальную актыўнасць амаль немагчымай.
За 1,5 гады, якія прайшлі з моманту прэзідэнцкіх выбараў, палітычныя партыі не здолелі кансалідавацца і выпрацаваць эфекітыўную стратэгію для новых умоваў дзейнасці. Да парламентскай кампаніі 2012 года адсутнічаюць агульныя падыходы дэмакратычных силаў.
Паколькі адсутнічае прагрэс ў дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, задачамі ўдзелу дэмакратычных сіл у парламенцкай кампаніі павінны быць: карыстанне легальнымі магчымасцямі для агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі, правядзенне скаардынаваных акцый пратэсту па ўсёй краіне ў фармаце сустрэч з выбаршчыкамі, збор доказаў фальсіфікацыі выбараў.
Няўдзел апазіцыі ў выбарах не з’яўляецца нагодай для іх міжнароднага непрызнання, гэтак жа, як удзел не з’яўляецца нагодай для іх прызнання.
Зыходзячы з гэтага, маючы мэтай актывізацыю кампаніі за вызваленне Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў; павышэнне інфармаванасці грамадства; рост вядомасці і аўтарытэту БСДП (НГ):
Лічым абавязковым прыняць ўдзел у бліжэйшай электаральнай кампаніі, у тым ліку, у рамках кампаніі “За справядлівыя выбары 2012”:
2. Партыя прымае удзел у вылучэнні з ліку сябраў партыі прадстаўнікоў ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, а таксама, у арганізацыі сістэмы назірання за парламенцкімі выбарамі
3. Партыя вылучае кандыдатаў у дэпутаты ці падтрымлівае кампаніі кандыдатаў ад дэмакратычных сіл у асобных акругах.
4. Партыя выкарыстоўвае парламенцкія выбары для правядзення інфармацыйнай і мабілізацыйнай кампаніі “За вызваленне Мікалая Статкевіча!”, павышэння вядомасці БСДП (НГ), прыцягнення новых сябраў і прыхільнікаў.
5. Кампанія павінна завершыцца ўсебаковым аналізам яе эфектыўнасці
Як вядома, Мікалай Статкевіч паслядоўна выказваўся аб неабходнасці карыстання легальнымі магчымасцямі для змагання за свае ідэі. Высновы з аналізу сітуацыі, выкладзеныя ім у “лістах на волю“, былі падтрыманыя таварышамі па партыі і ляглі ў аснову прынятага рашэння.