Навіны

Камітэт дзяржкантролю паведаміў пра крымінальныя справы, заведзеныя супраць кіраўнікоў незалежнага прафсаюзу

У Камітэце дзяржкантролю паведамілі, што па фактах ухіленьня ад выплаты падаткаў распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да кіраўнікоў аднаго з прафэсійных саюзаў.

«Органамі фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю па фактах ухіленьня ад выплаты падаткаў распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да кіраўнікоў аднаго з прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь, якія не ўваходзяць у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

У ходзе праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгальтар прафарганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэньня адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)», — гаворыцца ў паведамленьні камітэту.

Паводле Камітэту дзяржкантролю, гэтым службовыя асобы прафсаюзу парушылі патрабаваньне Нацбанку Рэспублікі Беларусь аб неабходнасьці атрымліваць адмысловы дазвол на адкрыцьцё рахункаў за мяжой.

«Такім чынам яны спрабавалі схаваць факты атрыманьня за межамі нашай краіны даходаў і ўхіліцца ад выплаты падаткаў з гэтых даходаў. Атрыманыя грошы пераводзіліся ў наяўныя і перавозіліся ў рэспубліку, для чаго дадзеныя службовыя асобы рэгулярна выяжджалі за межы краіны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Па дадзеных фактах упраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю па Менскай вобласьці і горадзе Менску ў дачыненьні да дзьвюх службовых асоб распачало крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

«Работнікамі фінансавай міліцыі праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні, накіраваныя на дакумэнтаваньне супрацьпраўнай дзейнасьці службовых асоб прафсаюзу, а таксама выяўленьне іншых парушэньняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Таксама вырашаецца пытаньне аб затрыманьні вінаватых асоб», — паведамляе КДК.

Радыё Свабода