Навіны

Канавалаў і Кавалёў расстраляныя (дакумент)

Пра гэта сваякі даведаліся раніцай 17 сакавіка. Поштай яны атрымалі паведамленне аб тым, што прысуд выкананы.

Аўтар: Віталь Ругайн 17.03.2012 11:30

Магчыма, Кавалёў быў расстраляны ў той самы дзень, калі пра адмову ў памілаванні паведаміла дзяржаўнае тэлебачанне. Бо на наступную раніцу адвакату Станіславу Абразею паведамілі, што Кавалёва этапавалі з СІЗА КДБ, дзе ён знаходзіўся ўвесь час.

Як стала вядома парталу TUT.by Дзмітрыя Канавалава расстралялі таксама.

Маці і сястра Кавалёва сустрэліся з ім 11 сакавіка ў СІЗА, 14-га стала вядома, што яго не памілавалі.

Варта нагадаць, што на разглядзе ў камітэце ААН па правах чалавека знаходзіцца скарга, якую накіравалі сваякі Кавалёва. Камітэт прасіў беларускія ўлады не выконваць смяротны прысуд пакуль яна не будзе разгледжаная. Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што гэта можа выклікаць чарговы скандал.

“Расстрэлы, якія праходзяць, пакуль камітэт разглядае скаргу, адбываюцца спецыяльна, каб справакаваць канфлікт. Вось толькі каму гэта трэба?” — гаворыць Гразнова.

Таксама адвакат Кавалёва некалькі дзён таму планаваў накіраваць у Вярхоўны суд наглядную скаргу.

 

Апошнімі расстралянымі, у каго скаргі ляжалі ў Камітэце ААН па правах чалавека, былі Грышкаўцоў і Бурдыка з Гродна. Прысуд выканалі ў час калі камітэт разглядаў іх скаргі.

  Віталь Ругайн

euroradio.fm