Выбары

«Кандыдат-палітвязень – гэта ўдар па мазгах абывацеля» (Відэа)

Вылучэнне адзіным кандыдатам на прэзідэнта палітвязня Мікалая Статкевіча дае шанец апазіцыі ўзняць свой рэйтынг і аўтарытэт, падкрэсліў у «Гарачым каментары» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Выбарчая кампанія тады набывае маральны змест:

«Актуалізуецца пытанне палітвязняў і гэта вельмі важны момант. Тыя самыя апазіцыянеры, у якія кідаюць камяні, што яны гуляюць у гульні з рэжымам, цяпер могуць казаць смела: мы змагаемся за вызваленне свайго паплечніка-апазіцыянера, якія ячшэ з папярэдніх выбараў сядзіць. І гэта сапраўды будзе ўдар па мазгах абывацеля, бо шмат хто не ведаў ці не памятае, што былы супернік дзейнага прэзідэнта дагэтуль »матае« тэрмін».

Выбарчую кампанію аналітык параўнаў з футбольным матчам: «Відавочна, што няроўныя сілы камандаў і суддзі падгульваюць мацнейшай, але можна выйсці і выкласціся на полі, што гледачы будуць у захапленні».

Аднак калі не здарыцца пэўных «форс-мажораў», то Лукашэнка мае някепскія шанцы працягнуць сваё знаходжанне ва ўладзе, падкрэсліў аналітык.

З прапановаю вылучыць Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам на прэзідэнта на выбарах 2015 года выступіў лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. Статкевіч пагадзіўся стаць адзіным кандыдатам.

МЯbelsat.eu