Кандыдатаў з былой судзімасцю абавяжуць пісаць пра гэта ў сваіх улётках
Кандыдатаў у дэпутаты і прэзідэнты абавяжуць пісаць у аўтабіяграфіі на ўлётцы звесткі пра сваё крымінальнае мінулае, калі яно было. Адпаведныя прапановы па ўнясенні зменаў у выбарчае заканадаўства паступілі днямі ў Палату прадстаўнікоў. Пра гэта паведаміла сёння Еўрарадыё.
“Няхай выбаршчыкі ведаюць, што вось гэты грамадзянін, да прыкладу, быў двойчы асуджаны за тое, што рабаваў людзей. І будуць вырашаць тады — галасаваць за яго ці не!” — тлумачыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Праўда, перш чым выдаць пасведчанне кандыдата, біяграфіі асоб з крымінальным мінулым будуць правяраць з дапамогай міліцыі.
Мікалай Лазавік: “Па кожным чалавеку, які меў судзімасць, будзем рабіць запыты, і нам органы ўнутраных спраў будуць даваць канкрэтныя адказы — пагашаная ў адносінах да гэтага чалавека судзімасць альбо не. І калі ў грамадзяніна маецца не знятая і не пагашаная судзімасць, то ён, у адпаведнасці з законам, не можа быць кандыдатам у дэпутаты, кандыдатам у прэзідэнты”.
Балатавацца па-ранейшаму змогуць тыя, у каго судзімасць пагашана. А гэта залежыць ад цяжкасці злачынства, тэрміну пакарання і іншых фактараў. Судзімасць пагашаецца праз пэўны час пасля вызвалення. Рашэнне, праз які час канкрэтна, прымае наглядная камісія згодна з 97-м артыкулам Крымінальнага кодэкса.
Ці змогуць ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года тыя, хто быў асуджаны за Плошчу-2010?
Віталь Рымашэўскі: “Ні я, ні іншы сустаршыня БХД Павел Севярынец, па меркаванні Лазавіка, такім чынам не трапляем пад катэгорыю грамадзян, якія могуць балатавацца. Мне будзе забаронена — я ведаю дакладна, што да наступных выбараў судзімасць з мяне не будзе знятая, мы кансультаваліся з юрыстамі”.
Калі Рымашэўскага на наступных выбарах не зможа падмяніць Павел Севярынец, то не лепшая сітуацыя і ў Някляева: пад “абмежаванне палітычных правоў” трапляюць і ўсе тры яго намеснікі — Андрэй Дзмітрыеў, Аляксандр Фядута і Сяргей Вазняк.
Праўда, ёсць у Уладзіміра Някляева ў “Гавары праўду” скандальны моладзевы актывіст Павел Вінаградаў. Яму, паводле слоў Мікалая Лазавіка, можна балатавацца кандыдатам на выбарах нягледзячы на безліч адміністрацыйных спраў і сутак на Акрэсціна.
Мікалай Лазавік: “Калі гэта адміністрацыйнае пакаранне, то яно не ўплывае на вылучэнне кандыдатам”.
Але нават калі цябе зарэгістравалі кандыдатам, то паўтарыць вопыт 2010 года і падчас агітацыйнай кампаніі заклікаць людзей да байкоту выбараў не удасца — гэтую магчымасць у апазіцыянераў-байкотчыкў канчаткова забіраюць.
Мікалай Лазавік: “Гэта норма Канвенцыі аб свабодных і дэмакратычных выбарах у СНД — кандыдат, калі ён зарэгістраваны кандыдатам, павінен агітаваць за сваё абранне, за ўдзел у выбарах. Нейкія агітацыйныя дзеянні за зрыў, перанос выбараў лічацца парушэннем заканадаўства”.
І вядуць да страты пасведчання кандыдата — для ўдзельніка кампаніі, а для простага чалавека — да пакарання за парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах”.
Дарэчы, Лазавік не выключае, што караць будуць нават ананімных байкотчыкаў за адпаведныя заклікі на форумах і праз сацыяльныя сеткі. Калі іх вылічаць. Праўда, міліцыянты апошнім часам старанна набіраюцца вопыту ў гэтым кірунку.
Ад рэдакцыі:
Мусім патлумачыць магчымасць удзела ў выбарчых кампаніях асобаў, асуджаных ха Плошчу-2010.
Віталь Рымашэўскі, як і іншыя згаданыя ў артыкуле фігуранты справы, якія атрымалі ўмоўныя тэрміны, ці асуджаныя з адтэрміноўкай выканання пакарання, у тым ліку – Уладзімір Някляеў, могуць прымаць удзел у любых наступных выбарах. У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 97 Крымінальнага кодэкса Беларусі (пункты 6 і 7) судзімасць у дачыненні да іх здымаецца аўтаматычна з дня ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб вызваленні ад пакарання – для асуджаных з адтэрміноўкай; і па завяршэнні выпрабавальнага тэрміну – для асуджаных умоўна, калі пакаранне так і не было прыведзена да выканання.
І, наадварот, Павел Вінаградаў, як і іншыя “памілаваныя” фігуранты крымінальнай справы, асуджаныя па артыкулу 293 (частки 1 и 2), удзельнічаць у выбарах права не маюць, бо лічацца асуджанымі за “цяжкае злачынства”. А ў адпаведнасці з тым жа артыкулам 97 (частка 1 пункт 4) Крымінальнага кодэкса судзімасць з іх можа быць знятая не раней, чым праз пяць год пасля адбыцця пакарання, ці, у нашым выпадку, вызвалення ад пакарання актам памілавання. Такім чынам, Павед Вінаградаў можа прыняць удзел у выбарах не раней, чым у 2016 годзе.