Кэтрын Эштан: Нашы санкцыі павінны пераканаць Беларусь у неабходнасці вызвалення палітзняволеных
Дзеянні Еўрасаюза павінны пераканаць улады Беларусі ў неабходнасці вызвалення палітзняволеных і вяртання на шлях канструктыўных адносін з краінамі — членамі ЕС. Такую заяву зрабіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан 23 сакавіка на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў у Бруселі.
Прозвішчы асоб і назвы прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх сёння былі ўведзены санкцыі, будуць афіцыйна апублікаваныя 24 сакавіка ў Афіцыйным часопісе ЕС. Аднак некалькі гадзін таму “Радыё Свабода” са спасылкай на дыпламатычную крыніцу паведаміла, што ў спіс асоб, да якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС, дададзены два беларускія бізнесмены — Юрый Чыж і Анатоль Тарнаўскі. У спіс фірм, якія падпадаюць пад дзеянне санкцый, уключана кампанія Тарнаўскага “Юнівест”, сярод астатніх — тыя, што належаць Чыжу і Уладзіміру Пефціеву (ў дачыненні да апошняга ўжо дзейнічаюць санкцыі).
Разам з тым у спіс не трапіла кампанія, што належыць Чыжу, якая супрацоўнічае са Славеніяй у будаўніцтве ў Мінску гасцініцы “Кемпінскі”, а таксама тры кампаніі, якія маюць дзелавыя сувязі з Латвіяй.
На пытанне, ці не лічыць яна, што неўключэнне ў спіс некалькіх кампаній, якія супрацоўнічаюць з латвійскімі і славенскімі прадпрыемствамі, з\’яўляецца “амаральным кампрамісам”, Эштан адказала: “Я не веру, што штосьці іншае было б добрым кампрамісам ці, калі вам так падабаецца, добрым пакетам санкцый для прасоўвання наперад”.
Вярхоўны прадстаўнік ЕС падкрэсліла: санкцыі прымяняюцца для таго, каб пераканаць беларускія ўлады ў неабходнасці вызвалення палітзняволеных. Паводле яе слоў, прынятае сёння рашэнне з\’яўляецца “важным захадам, а не дрэнным кампрамісам”.
Эштан таксама адзначыла: рашэнне аб пашырэнні санкцый выклікана тым, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Паводле яе слоў, пасля сённяшняга пасяджэння санкцыі ЕС дзейнічаюць ужо ў дачыненні да 243 прыватных асоб і 32 прадпрыемстваў Беларусі.
Акрамя таго, Эштан паведаміла, што міністры ЕС пацвердзілі гатоўнасць сваіх краін працягваць дзейнічаць узгоднена і скаардынавана ў пытанні вяртання паслоў у Беларусь.
Як паведамлялася раней, міністры замежных спраў 27 краін Еўрасаюза пагадзіліся на пашырэнне “кропкавых” санкцый супраць Беларусі. Санкцыі пашыраны за кошт 29 кампаній і 12 прыватных асоб. Гаворка ідзе пра суддзяў, пракурораў і бізнесменаў, якія адказныя, з пункту гледжання ЕС, за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама падтрымліваюць або з\’яўляюцца бенефіцыярамі ўлады Лукашэнкі.
Спіс прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, чый уезд у ЕС забаронены і чые актывы на яго тэрыторыі павінны быць замарожаны, Савет ЕС зацвердзіў 31 студзеня 2011 года.
Апошнім разам спіс быў абноўлены 27 лютага 2012 года, што стала нагодай для дыпламатычнага скандалу. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Мора і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку “выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ўціску і санкцый”. Адпаведна ў Мінск для кансультацый былі адкліканыя пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўрасаюзе Андрэй Еўдачэнка і пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. У адказ краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска. Дыпламаты выехалі з Беларусі ў канцы лютага — пачатку сакавіка.
Каментуючы вечарам 23 сакавіка чарговае рашэнне Савета ЕС аб пашырэнні спісу, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў: “Такі крок яшчэ больш аддаляе перспектывы нармалізацыі адносін і аднаўлення дыялогу па адчувальных для бакоў тэмах. Еўрапейскія палітыкі знаходзяцца ў палоне канфліктнага мыслення, яны застаюцца заложнікамі логікі прымусу і шантажу”.
“Мы вымушаныя неадкладна распачаць рэалізацыю комплексу мер рэагавання. Пра такую магчымасць нашы еўрапейскія партнёры былі загадзя праінфармаваныя”, — паведаміў Савіных.
“У сённяшніх умовах беларускі бок не бачыць неабходнасці ў прысутнасці на тэрыторыі Беларусі адкліканых паслоў дзяржаў, якія прагаласавалі за гэта рашэнне”, — дадаў прадстаўнік МЗС.