Кэтрын Эштан: Санкцыі — гэта вельмі моцны палітычны і эканамічны пасыл краіне
“Санкцыі — гэта вельмі моцны палітычны і эканамічны пасыл краіне”, — заявіла вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан на пасяджэнні камітэта Еўрапарламента па міжнародных справах 20 сакавіка.
“Адносна Беларусі мы выказваем сваю пазіцыю вельмі выразна, і будзем рабіць гэта і надалей”, — цытуе Эштан “Радыё Свабода”.
Паводле яе слоў, на нядаўнім саміце ў Капенгагене (маецца на ўвазе нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін ЕС 11 сакавіка) абмяркоўваўся “пераход ад ізаляцыі да ўзаемадзеяння”. “Мы часта рухаемся дзесьці паміж гэтымі двума падыходамі. Санкцыі — гэта вельмі моцны палітычны і эканамічны пасыл краіне”, — перакананая вярхоўны прадстаўнік.
“Мы таксама пасылаем вельмі выразны паралельны палітычны сігнал адносна таго, што вы (урад Беларусі. — БелаПАН.) павінны зрабіць: вы павінны вызваліць гэтых людзей (палітзняволеных. — БелаПАН.) з турмы, вы павінны дазволіць ім вярнуцца да сваіх сем\’яў”.
“Для нас вельмі важна адпраўляць гэты сігнал, кажучы, што, калі вы выканаеце гэта, ёсць шмат рэчаў, над якімі мы маглі б працаваць разам з вамі, — падкрэсліла Эштан. — Гэты сігнал мы адпраўляем як ад імя Еўрасаюза, так і ад асобных краін-членаў, якія маюць кантакты з Беларуссю. Мы робім гэта таму, што мы хочам, каб вы змяніліся”.
Нагадаем, 23 сакавіка на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕС могуць быць уведзеныя санкцыі “супраць фізічных і юрыдычных асоб Беларусі, адказных за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама супраць тых, хто “падтрымлівае або з\’яўляецца бенефіцыярам рэжыму Лукашэнкі”.
Напярэдадні разгляду гэтага пытання Еўрасаюз адчувае “беспрэцэдэнтны ўзровень лабіравання” інтарэсаў беларускага рэжыму, заявіла ў інтэрв\’ю брусельскаму выданню EUobserver еўрапейская дыпламатычная крыніца.
Цяпер, адзначае EUobserver, у дыпламатычных колах ідзе абмеркаванне спісу беларускіх чыноўнікаў і бізнесменаў, якім можа быць забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. У гэтым спісе значыцца ў тым ліку кіраўнік групы кампаній “Трайпл” Юрый Чыж. А бізнесмен Уладзімір Пефціеў, ужо ўключаны ў “чорны” спіс ЕС, спрабуе аспрэчыць гэтае рашэнне ЕС у Еўрапейскім судзе.
“Вы не можаце сабе ўявіць, як шмат людзей тут (у Бруселі. — БелаПАН.) пабывала”, — паведаміла крыніца, маючы на ўвазе дыпламатаў, членаў НДА і фірмы, якія, паводле яе слоў, раілі выключыць Пефціева з “чорнага” спісу.
Еўрапейскі дыпламат пацвердзіў інфармацыю экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіча аб тым, што Пефціеў абяцаў узнагароджанне ў адзін мільён долараў таму, хто даб\’ецца выключэння яго са спісу.
EUobserver не называе арганізацыі і прозвішчы тых, хто прапануе выключыць Пефціева са спісу, таму што “дапускае, што іх проста выкарыстоўваюць для выканання бруднай работы”.
Нагадаем, усё гэта адбываецца на фоне дыпламатычнага скандалу паміж Мінскам і Бруселем. У адказ на рашэнне ЕС пашырыць спіс беларускіх чыноўнікаў, неўязных у Еўрасаюз, беларускія ўлады рэкамендавалі выехаць з краіны “для кансультацый” паслу Польшчы і кіраўніку прадстаўніцтва ЕС. У адказ усе краіны Еўрасаюза адклікалі з Мінска сваіх паслоў.