Кожны раз пасля прапановы "папрасіцца" ў мяне пачынаюцца праблемы з насоўкамі, біркамі, суседзямі…
У Магілёўскай турме палітзняволенаму, кандыдату ў прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалаю Статкевічу паабяцалі больш не звяртацца да яго з прапановамі напісаць прашэнне аб памілаванні.
Аб гэтым ён паведаміў у лісце да жонкі, напісаным пасля выхаду з карцара, дзе палітвязень правёў 10 сутак. Вынікам гэтага стала адмова змяніць яму рэжым утрымання ў турме са строгага на звычайны.
— Безумоўна, (…) на камісіі працягнулі строгі рэжым на невызначаны (?) тэрмін у сувязі з нядаўнім спагнаннем. А хто б сумняваўся, для таго тое спагнанне і зрабілі. Праўда, тут ёсць яшчэ адзін аспект – вельмі стэрэатыпнае мысленне: Калі адзін з «палітычных» у ШІЗА напісаў «прашэнне», то трэба і астатніх туды пасадзіць, мо і яны напішуць. Але ж розныя людзі, розныя сітуацыі, розная адказнасць. У мяне яна найбольшая, улічваючы маё «кандыдацтва». Я не асуджаю нікога з тых, хто «папрасіўся», прашу не асуджаць іх нікому, буду шчыра рады, калі яны выйдуць на свабоду, але сам «прасіцца» права не маю. І ніякія ШІЗА і «рэжымы» тут нічога не мяняюць.
Вядома, што ад Мікалая Статкевіча патрабавалі так званую заяву аб бяспечным утрыманні, каб змясціць ў адзіночную камеру. Палітык паведамляе, што зрабіў вусную заяву супрацьлеглага сэнсу — аб змяшчэнні яго ў «бяспечнае месца» ў сувязі з пагрозамі з боку адміністрацыі. «Ён таксама настаяў, — перадае Марына Адамовіч, — каб кіраўніцтва турмы дало яму абяцанне «больш ніколі нават не казаць пра «памілаванне», бо, «па-першае, мая пазіцыя вядомая і нязменная. Па-другое, гэта кепская для мяне прыкмета, бо кожны раз пасля адмовы «папрасіцца» у мяне паынаюцца праблемы з насоўкамі, біркамі, суседзямі і г.д. «.
Акрамя таго, палітык паведаміў, што акружныя камісіі з Магілёва дасылаюць адмовы ў рэгістрацыі яго ініцыятыўных груп проста ў турму, пры гэтым груба парушаючы патрабаванне закона аб тэрмінах, неабходных для абскарджвання рашэнняў. Як зазначыла Марына Адамовіч, «правая рука не ведае, што робіць левая. Ярмошына ж толькі днямі даводзіла, што Статкевіч не мае ніякага дачынення да свайго вылучэння, затое акруговыя камісіі ў гэтым не сумняваюцца».