ЛАМАЕМ СЦЭНАР РЭЖЫМА
Беларускі рэжым паразітарны ў сваёй аснове. Ён не можа існаваць без падтрымкі Масквы. Зараз Крэмль ставіць Лукашэнку перад выбарам – дабудова “саюзнай дзяржавы” ці паступовае змяньшэнне датацый.
Па-сутнасці, гэта выбар паміж інкарпарацыяй у Расію і рэвалюцыяй. Прычым рэвалюцыя можа пачацца раней, чым у рэжыма скончацца грошы на раздзьмуты сілавы апарат. Бо легітымнасць Лукашэнкі сярод большасці сілавікоў залежыць ад яго падтрымкі Масквой.
Да таго ж, аслабленне дыктатара абудзіць у беларусаў надзею на перамогу, страчаную ў няроўнай барацьбе супраць шчодра фінансуемага Масквой рэжыма. І гэта надзея неўзабаве выштурхне на вуліцы сотні тысяч.
Безумоўна, Лукашэнка будзе спрабаваць гандлявацца і выкручвацца. Але ў выніку – непазбежна саступаць. І марудная анэксія Беларусі, якой дыктатар плаціць Маскве за захаванне сваёй ўлады, значна паскорыць тэмпы. І стане незваротнай.
Патрыятычныя сілы абавязаны рабіць усё, каб захаваць і вызваліць краіну. Выкарыстоўваць усе нагоды, каб зрабіцца лідарамі пратэстнай большасці грамадства. Каб адхіліць дзяржаўнага здрадніка і злачынцу ад улады.
Зрабіць гэта лепш мірным шляхам, каб не дапусціць знешняй агрэсіі. Але праз выбары змяніць уладу зараз немагчыма. Бо дыктатар сам фармуе выбарчую сістэму, кіруе ёй і вызначае афіцыйныя вынікі “выбараў”.
У нас не застаецца іншых варыянтаў для мірных пераменаў, акрамя працяглых масавых пратэстаў.
Нагодамі для такіх пратэстаў могуць стаць як сацыяльныя праблемы, так і палітычныя працэсы. Да ліку апошніх можна аднесці пагрозы незалежнасці краіны, а таксама палітычныя кампаніі, арганізаваныя самім рэжымам. Напрыклад, рэферэндумы ці прэзідэнтскія “выбары”.
Так, сапраўдных выбараў няма. Але ёсць выбарчая кампанія, якая палітызуе, узбуджае грамадства і дае дадатковыя магчымасці для арганізацыі масавых акцый.
Рэпрэсіі супраць удзельнікаў “выбараў” дэлегітымізуюць іх афіцыйны вынік. Для рэжыма міжнародны кошт рэпрэсій падчас выбарчай кампаніі значна вышэйшы, чым у іншы час.
Байкот неіснуючых “выбараў” немагчымы – нельга сарваць тое, чаго няма. Паслухмяныя выбарчыя камісіі ў любым выпадку намалююць патрэбныя лічбы завоблачнай яўкі і падтрымкі дыктатара.
Ігнараваць “выбары”, як мы мусілі зрабіць у 2015 годзе з-за атсутнасці апазіцыйных кандыдатаў – значыць зноў даць іх правесці з некалькімі блазнамі ў якасці спарынг-партнёраў і без масавых пратэстаў. Тады гэта дало рэжыму магчымасць выйсці з-пад заходніх санкцый.
Цяпер дыктатар зноў хоча правесці наступныя прэзідэнтскую кампанію па ўзору мінулай. Яму зноў патрэбен няўдзел у “выбарах” сапраўдных супернікаў, здольных перамагаць і бараніць сваю перамогу. І ён робіць усё дзеля гэтага.
Параўнайце мінулыя “выбары” з масавым удзелам апазіцыі ў выбарчай кампаніі 2010 года. Тады беларусы паказалі сваю прагу свабоды, выклікалі хвалю салідарнасці і спачування па ўсім свеце. Плошча падштурхнула рост нацыянальнай самасвядомасці. Рэжым атрымаў самыя жорсткія дагэтуль санкцыі. А праз паўгады пасля Плошчы-2010 тысячы грамадзян выйшлі на плошчы амаль усіх беларускіх гарадоў на маўклівыя акцыі пратэсту.
Патрыёты павінны максімальна скарыстацца выбарчай кампаніяй для арганізацыі масавых пратэстаў пад сацыяльнымі і палітычнымі лозунгамі, галоўны з якіх – вяртанне сапраўдных выбараў. Каб праз іх правесці мірную змену ўлады.
Гэта – наша задача-максімум.
Задача-мінімум – зрабіцца бясспрэчнымі лідарамі пратэстнай большасці і не дазволіць дыктатару легітымізаваць сябе праз “выбары” са спарынг-партнерамі. Каб не дапусціць легітымізацыі яго пагадненняў з Масквой аб здачы незалежнасці краіны.
Зламаем сцэнар рэжыма дзеля свабоды і незалежнасці Беларусі.
Уладу – народу!
Жыве Беларусь!
Мікалай Статкевіч 19 лютага 2019 года