Лазавік: Шанцаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Статкевіча няма
Цэнтрвыбаркам прыме дакументы ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, але шанцаў на рэгістрацыю няма.
“Па сутнасці справы, заява – гэта як зварот грамадзян. Заяву мы абавязаны прыняць, вывучыць, разгледзець і адказаць ў афіцыйным парадку па сутнасці”, – сказаў Лазавік. Таму, дадаў ён, заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча “будзе прынятая, як і ў астатніх асоб, якія звярталіся або будуць звяртацца з просьбай у ЦВК”.
Аднак, падкрэсліў Лазавік, зарэгістраваць групу Статкевіча не дазваляе выбарчае заканадаўства. “Ні ў воднага чалавека, які кіруецца нормамі закона, не ўзнікае сумненняў, што ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча будзе адмоўлена, – мяркуе сакратар ЦВК. – Нават той, хто кіруецца нейкімі палітычнымі меркаваннямі, разумее, што ў рэгістрацыі будзе адмоўлена. Але яму гэта трэба зрабіць, каб здзейсніць гэта з пункту гледжання піяру асобы, ад імя якой ён выступае”.
Лазавік нагадаў, што ў адпаведнасці з артыкулам 60 Выбарчага кодэкса “кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасці”.
Мікалай Статкевіч – кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах, асуджаны ў траўні 2011 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён павінен выйсці на волю ў снежні 2016 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным вязнем.
Плануецца, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты палітвязня будуць перададзеныя ў Цэнтрвыбаркам сёння, 16 ліпеня.