Навіны

Леанід Маракоў: "У Менску існавала вуліца 25 Сакавіка"

Сталічныя мінакі, якія сьпяшаюцца па сваіх справах Праспэктам Незалежнасьці, наўрад ці ведаюць, што праспэкт гэты калісьці называўся вуліцай 25 Сакавіка. А за сваю не такую ўжо і працяглую гісторыю пераназываўся ажно 10 разоў!

Гістарычнымі лябірынтамі завулкаў і тупікоў пры галоўнай менскай вуліцы пахадзіў карэнны мянчук Леанід Маракоў.


Маракоў, Л.У. Галоўная вуліца Мінска (1880–1940 гг.)

Міхась Скобла: “Леанід, ты дасьледуеш бальшавіцкія рэпрэсіі, выдаў каля двух дзясяткаў біяграфічных даведнікаў. Вось і сёлета выйшаў ёмісты том “Рэпрэсаваныя мэдыцынскія і вэтэрынарныя работнікі”. І раптам – галоўная вуліца Менску. Ці гэтыя тэмы неяк зьвязаныя паміж сабой?”

Леанід Маракоў: “Так атрымалася, што падчас працы над біяграфіямі рэпрэсаваных у гады сталінскай дыктатуры жыхароў Беларусі, у тым ліку менчукоў, мне неаднаразова трапляліся на вочы два словы: вуліца Савецкая. У страшныя 1930-я гады на вуліцы Савецкай не было такога дому, у якім не пабывалі б няпрошаныя начныя госьці ў сінім галіфэ з чырвонымі пятліцамі. І аднойчы я скамандаваў сабе: “Ты проста абавязаны распавесьці пра перасьлед таталітарным рэжымам жыхароў галоўнай вуліцы Менску, галоўнай артэрыі гораду, высьветліць, чаму ў 20-30-я гады менавіта на ёй жыць было нашмат небясьпечней, чым на амаль паўтысячы іншых вуліцаў і на гэтак званых нумарных лініях”. Да таго ж, высьветлілася, што ОГПУ ў 1922 годзе заняло адзін з найлепшых будынкаў на Савецкай. І што цікава, паступова, у працэсе працы, я даведаўся: шмат людзей падпала пад арышты яшчэ ў 1919 годзе, паміж немцамі і палякамі”. 

Міхась Скобла

Скобла: “У сваіх ранейшых дасьледаваньнях ты вызначыў 6 хваляў бальшавіцкага тэрору – у 1930, у 1933, у 1936-38, у 1939-41, у 1944-45, у 1947-49 гадах. Дык выходзіць, што была і сёмая, дакладней, першая хваля – у 1919-м?”

Маракоў: “Я сам быў зьдзіўлены. Калі зьбіраў зьвесткі, перачытаў усе магчымыя энцыкляпэдыі, даведнікі, якія толькі знайшоў, і нідзе не знайшоў аніводнай згадкі пра рэпрэсіі ў 1919 годзе. Ажно разгубіўся. А ў мяне на той час ужо былі сабраныя шматлікія біяграфіі рэпрэсаваных менавіта ў тым годзе. Так што, сапраўды, трэба ўводзіць новую дату першай масавай хвалі арыштаў і расстрэлаў – 1919 год. Пасьля сыходу немцаў у Менску зьявіліся “свае”, якія аказаліся горшымі за чужых, горшымі, чым захопнікі, горшымі за самых выклятых ворагаў. Са студзеня па ліпень 1919 году бальшавікі ператрэсьлі ўвесь Менск: арыштоўвалі, рабавалі, расстрэльвалі, бралі закладнікаў. Самае галоўнае, што людзі, якія тады пацярпелі, яны не рэабілітаваныя да сёньня, таму што афіцыйна яны не рэпрэсаваныя. А гэта тысячы людзей! Бальшавікі цягам 1920-х гадоў зьмянілі этнас Савецкай вуліцы. Калі, напрыклад, у 1915 годзе больш за 90% насельніцтва вуліцы было габрэйскім і польскім, то пасьля яно стала расейска-калгасным”. 

Скобла: “Ты сказаў, што практыкаваўся захоп закладнікаў. Што маецца на ўвазе?”

Маракоў: “Скажам, ты маеш дом на Савецкай. І вось да цябе прыходзяць чэкісты і патрабуюць, каб за тыдзень ты выплаціў ім, прыкладам, 50 000 рублёў”.

Скобла: “За што?”

Маракоў: “За тое, што ў цябе ёсьць дом. Хай сабе аднапавярховы і драўляны – ня мае значэньня. Калі ўвесь дом каштуе 10 тысячаў, дзе знайсьці 50 тысячаў? Гэта нікога не цікавіла. Ты закладваеш дом, прадаеш маёмасьць, зьбіраеш тысячаў 15… А табе кажуць: у цябе яшчэ ёсьць тры дні, а пакуль твае дзеці пабудуць у нас… Як табе такі расклад? Таму часам гаспадары дамоў проста ўцякалі. Прыходзяць чэкісты, а ў доме толькі жонка і 5-6 дзяцей. Калі не было з каго садраць грошы, забіралі мэблю, прадуктовыя прыпасы. І ўсё гэта без усякіх расьпісак. Вось канкрэтны прыклад. Бальшавікі арыштавалі дваранку Ядзьвігу Кастравіцкую. За вызваленьне зь яе патрабавалі 1 000 000 рублёў! Калі б, напрыклад, яна прадала свой дом, то змагла б выплаціць толькі трэцюю частку патрабаванай сумы. Дзе можна было ўзяць такія грошы? Патрабаваньні былі спэцыяльна невыканальнымі. Каб уласьніка падвесьці пад поўную канфіскацыю і рэпрэсіі. Бальшавікі не шкадавалі анікога”.

Скобла: “Вернемся, аднак, на галоўную менскую вуліцу. За сваю гісторыю яе безьліч разоў пераназывалі. Па маіх падліках – шэсьць разоў”.

Маракоў: “Больш. Да ліпеня 1919 году гэта была вуліца Захар’еўская. Заснаваная ў 1801 годзе і, па некаторых вэрсіях, названая ў гонар першага губэрнатара Менску Захара Эмануілавіча Карнеева. Падчас польскай акупацыі, з 8 жніўня 1919 году па 11 ліпеня 1920 году, Захар’еўская атрымала імя Адама Міцкевіча. Пасьля – зноў Захар’еўская. Зь лістапада 1922 году – Савецкая. Падчас нямецкай акупацыі – Гаўпштрасэ – Галоўная вуліца. А 25 сакавіка 1944 году Галоўную вуліцу сталіцы перайменавалі ў вуліцу імя 25 Сакавіка, праўда, усяго на некалькі месяцаў. Пасьля прыходу Чырвонай арміі – вуліца імя 25 Сакавіка ізноў стала Савецкай. У 1937-м перайменавана ў праспэкт Сталіна. У 1961-м праспэкт Сталіна стаў Ленінскім праспэктам, але назву Савецкая захаваў адрэзак вуліцы ад Мясьнікова, былой Нова-Маскоўскай, да вуліцы Сьвярдлова. З 1991 году – праспэкт Францішка Скарыны, з 2005-га – цяперашні Праспэкт Незалежнасьці. Так што дзесяць разоў галоўную вуліцу пераназывалі”.

Скобла: “Пра вуліцу 25 Сакавіка я ўпершыню чую”.

Маракоў: “Справа ў тым, што калі Чырвоная армія перайшла ў наступ, немцы былі змушаныя ісьці на саступкі на акупаваных тэрыторыях. І нацыянальная інтэлігенцыя старалася хоць нешта зрабіць. У той жа плашчыні належыць разглядаць і правядзеньне Другога Ўсебеларускага кангрэсу ў 1944 годзе”. 

Скобла: “Ты падрабязна дасьледаваў кожны з дамоў на галоўнай менскай вуліцы. А ўстановы на ёй разьмяшчаліся адметныя – Дом Ураду, ОГПУ, Дом пісьменьніка… Апошняга даўно няма. Што можна пра яго сказаць?”

Маракоў: “Дом пісьменьніка месьціўся ў будынку, пабудаваным прыблізна ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя мешчанінам Бэркам Гольдбэргам (насупраць цяперашняй Цэнтральнай кнігарні). Гэта быў даволі вялікі двухпавярховы дом зь мезанінам. Там таксама знаходзіліся рэдакцыі “ЛіМу”, “Полымя”, “Маладняка”, “Узвышша”. Трэба растлумачыць, што такое “дом” для дарэвалюцыйнага часу. Пад паняткам “нумар дому” меўся на ўвазе ўчастак зямлі, а не дом. На адным участку пад адным нумарам маглі лічыцца 5-10 дамоў. Так і з Домам пісьменьніка, які меў нумар 68. У ягоным двары стаялі яшчэ 5-6 будынкаў, пабудаваных тым жа Гольдбэргам. Справа, калі глядзець на Дом пісьменьніка, быў аднапавярховы будынак – піўная Мінкевіча і кавярня Амстэрдамскага. А насупраць была піўная Суднікава, яны паміж сабой змагаліся за кліентаў… Чамусьці ў піўную Мінкевіча поруч з Домам пісьменьніка ахвотней заходзілі хлопцы з ОГПУ, а ў піўную цераз вуліцу – пісьменьнікі”.

Скобла: “Пісьменьнікі хадзілі ў больш далёкую піўную, каб лішні раз не сустракацца з чэкістамі?”

Маракоў: “Магчыма, каб не сустракацца са сваім кіраўніцтвам… Ня ведаю. Увогуле, усе піўныя і кавярні тады называліся сталоўкамі. Мне было цікава чытаць: “Сталоўка працуе з 7 раніцы да гадзіны ночы”. Пазьней піўную, куды хадзілі пісьменьнікі, закрылі. Пастралялі пісьменьнікаў, не было каму хадзіць… Яшчэ магу расказаць пра два дамы, якія захаваліся да нашых дзён. Гэта дамы 17 і 19 дваранаў Абрампольскага і Ўняхоўскага. Яны захаваліся толькі таму, што стаялі каля касьцёлу, і іх не бамбілі, як і сам касьцёл. Мне было цікава даведацца, як саветы ўшчыльнялі людзей. Напрыклад, у 17-м доме да 1917 году на трох паверхах жылі 8 чалавек. А пасьля 1920 году – ужо каля 60 чалавек!” 

Скобла: “А дзе стаяў дом ОГПУ?”

Маракоў: “Ён стаіць і сёньня. Цяпер там КДБ, дакладней, МУС і КДБ. Будынак быў пабудаваны ў 1912-13 гадах. Гэта быў найлепшы дом у горадзе, адзін зь першых дамоў у Менску, дзе мелася паравое ацяпленьне, гарачы душ”.

Скобла: “Цяжкая праца была, трэба ж было ім адпачываць… Сёньня на Праспэкце Незалежнасьці няма аніводнага храма. А ці так было заўсёды?”

Маракоў: “Зразумела, не. Вуліца Захар’еўская пачыналася з трох храмаў. На ёй знаходзіліся Казанская прывакзальная мураваная царква, Казанская драўляная чыгуначная царква. Частка вуліцы, якая ў канцы XIX стагодзьдзя называлася Нова-Захар’еўскай, заканчвалася касьцёлам. І тут я хачу расказаць адну цікавую гісторыю. Быў такі старшы лейтэнант Пятро Грыгарэнка – спэцыяліст па ўзрываньні будынкаў. Ён узрываў храмы ў Менску і Віцебску. Саветы плацілі за гэта вялізныя грошы. Узарваў царкву – і можна было некалькі гадоў не працаваць. Пасьля зьнішчэньня менскіх і віцебскіх храмаў Грыгарэнка быў накіраваны на павышэньне, потым – на вучобу ў Акадэмію Генэральнага штабу. У пачатку 1960-х ужо генэрал Грыгарэнка быў накіраваны на Далёкі Ўсход, дзе арганізаваў “Союз борьбы за возрождение ленинизма”. У 1964 годзе – арыштаваны, судова-мэдыцынскай экспэртызай прызнаны вар’ятам, зьняволены ў Ляфортаўскай турме, потым – у Ленінградзкай псыхіятрычнай лякарні”.

Скобла: “Дык гэта і ёсьць той самы знакаміты савецкі дысыдэнт Грыгарэнка?”

Маракоў: “Так, ён. Пасьля Грыгарэнка эміграваў у ЗША, дзе і памёр. Незадоўга да сьмерці генэрал напісаў успаміны, зь якіх зразумела, што ён сапраўды быў на мяжы вар’яцтва, бачыў дзіўныя сны, не разумеў, на якім сьвеце знаходзіцца”. 

Скобла: “Каго Бог карае, у таго розум адбірае… Аднойчы я бачыў здымак Менску, зроблены 22 чэрвеня 1941 году нямецкім лётчыкам. Дык на ім сёньняшні галоўны праспэкт – у руінах, а яшчэ фронт да беларускай сталіцы не дайшоў. Дык хто руйнаваў Менск – саветы ці немцы?”

Маракоў: “Усё ж немцы. У мяне ёсьць фатаздымкі, пра якія ты згадваеш. Наўрад ці іх можна датаваць чэрвенем 1941 году, яны зробленыя пазьней. Я параўноўваў здымкі 1941 і 1943 гадоў, зробленыя з самалёта. Дык вось, тыя дамы, якія знаходзіліся на скрыжаваньні праспэкту з вуліцай Валадарскага, у 1941-м яшчэ былі з шыбамі, а ў 1943-м – ні даху, ні шыбаў ужо не было. Думаю, трэба ўзяць на ўвагу яшчэ такую акалічнасьць. Калі ў жніўні 1919 году наступалі палякі, то бальшавікі ўцяклі зь Менску яшчэ ў ліпені. Усё пакідалі, ратавалі свае скуры. Так, відаць, было і ў 1941-м. Думаю, ім асабліва ўзрываць не было часу, галоўнае было ўцячы самім. А немцы не давалі часу на роздумы”.

Скобла: “Часавыя рамкі твайго дасьледаваньня – 1890-1940 гады. Ці будзе працяг?”

Маракоў: Мая кніга “Галоўная вуліца Менску” будзе мець яшчэ адзін том, які ахопіць час з 1941 па 1991 год”.

Радыё Свабода