ГомельКаронавірусПалітвязні

«Лечаць тым, што дазваляюць ляжаць». Мікалай Статкевіч захварэў у СІЗА на каранавірус

Палітвязень па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА-3 Гомля. Дата пераводу ў калёнію невядомая.

Спатканьне Міколы Статкевіча і Марыны Адамовіч прайшло ў СІЗА-3 Гомля. Па словах жонкі палітвязьня, каля 10 дзён таму ён захварэў, сымптомы вельмі падобныя да каранавірусу. Як мог захварэць — невядома. Мікола Статкевіч па-ранейшаму ў адзіночцы, падчас вываду на спатканьні і на прагулкі выконваюцца меры бясьпекі.

«Вярнулася ня вельмі суцешаная, Мікола хварэе, — расказала Марына Адамовіч. — Хварэе ўжо дзён 10. Хутчэй за ўсё, каранавірус. Гледзячы па сымптомах, па ўсім астатнім. Пыталася, ці лечаць яго. У Міколы там свае таблеткі, лекі ёсьць. Адказаў, што з учарашняга, здаецца, дня ён на пасьцельным рэжыме. Так гэта называецца. Лечаць тым, што дазваляюць ляжаць. Але гэты пасьцельны рэжым у іх нейкі дзіўны. Ляжаць дазваляюць да восьмай гадзіны вечара, пасьля чаго ён павінен устаць, і да адбою класьціся нельга».

Па словах Марыны Адамовіч, у гомельскім СІЗА існуюць складанасьці зь перадачай лекаў вязьням. Іх не прымаюць падчас спатканьняў. І хоць перадаць лекі ў СІЗА можна тройчы на тыдзень, але вязень спачатку мусіць скласьці сьпіс патрэбных яму таблетак, пасьля сьпіс зацьвярджае турэмны лекар, а затым гэты сьпіс неяк трэба даслаць родным, каб яны прывезьлі лекі ў Гомель. Самому Статкевічу дапамагае тое, што частку лекаў Марына змагла яму перадаць раней, таму палітвязень мае нейкі іх запас у камэры.

Як кажа Марына Адамовіч, пра маштабы захворваньняў, у тым ліку і сярод блізкіх вязьняў, сьведчыць той факт, што яна не пабачыла чаргі з ахвотных зрабіць перадачу. Раней такога не было.
«Настрой нязьменна бадзёры ў Міколы, хоць ён і хварэе, — расказвае Марына Адамовіч. — Расказаў пра свае сны. Сказаў, што ва ўмовах адзіночнай камэры сны сьняцца пастаянна. Яны вельмі яркія. Вельмі сюжэтныя. Многія запамінальныя. Але сказаў, што ў асноўным гэта тычыцца мяне і блізкіх. Больш асабістыя рэчы. Бываюць і вельмі нечаканыя. Сюжэтныя, фантастычныя. Я вось ня бачу сноў амаль, а ён зараз фактычна заўсёды».

Па словах Марыны Адамовіч, Мікола па-ранейшаму цікавіцца сытуацыяй у Беларусі і сьвеце. Шмат гаварыў пра Ўкраіну і пагрозы для яе з боку Расеі.

«Палова сьвету прадэманстравала, што гатовая выступіць на баку Ўкраіны, — перадае Марына Адамовіч словы Міколы Статкевіча. — І Мікола мяркуе, што існуе рызыка, што падчас адыходу ад Украіны ў Расеі можа ўзьнікнуць жаданьне вырашыць «беларускае пытаньне».

Па словах Адамовіч, Мікола па-ранейшаму перакананы ў непазьбежнасьці пераменаў. Ён называе дзеяньні беларускіх уладаў тупіковай тактыкай.