Грамадская акцыя

Лідарку «Маладых дэмакратаў» будуць судзіць за адзіночны пікет у Акцябрскім

У Акцябрскім Гомельскай вобласці 3 лістапада адбудзецца суд у дачыненні да лідаркі моладзевага крыла АГП «Маладыя дэмакраты» Алены Луцковіч.

Апазіцыянерка 30 кастрычніка правяла ў райцэнтры адзіночны пікет: выйшла да мясцовага рынку з плакатам «У мяне ёсць довады, што выбары сфальсіфікаваныя!».

Пасля акцыі Луцковіч адправілася ў раённы аддзел Следчага камітэта, каб перадаць заяву з патрабаваннем правесці праверку вынікаў выбараў у райцэнтры. Раённы следчы камітэт знаходзіцца ў адным будынку з РАУС, і супрацоўнікі міліцыі, пратрымаўшы актывістку амаль тры гадзіны, склалі на яе адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства).

«З міліцыі мяне адразу ж адвялі ў суд, але я адмовілася даваць сведчанні на сябе, таму пасяджэнне адклалі да аўторка, у суд выклічуць сведак – супрацоўнікаў міліцыі», – паведаміла БелаПАН Луцковіч.

Паводле ейных слоў, правядзенне пікету на рынку выклікала цікавасць у мясцовых жыхароў.«Большасць падтрымлівалі, згаджаліся, што выбары фальсіфікаваныя, маўляў, усе пра гэта ведаюць. Казалі: мы ўсё разумеем, толькі зрабіць нічога не можам. Былі і такія, што негатыўна выказваліся, згадваючы падзеі ва Украіне», – адзначыла актывістка.

Алена Луцковіч і Андрэй Павук, які таксама назіраў на ўчастку №2, накіравалі заявы з патрабаваннем правесці праверку неадпаведнасці пратаколаў участковай камісіі і ЦВК у пракуратуру – раённую, абласную і генеральную. З інстанцый прыйшоў адказ, што заяўнікі не паспелі ў 10-дзённы тэрмін абскарджання, таму іх скаргі не былі разгледжаныя.