Лідары беларускай апазіцыі правялі ў Варшаве прэс-канферэнцыю

Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, былыя палітвязні і кандыдаты на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч далі вялікую прэс-канферэнцыю ў Варшаве.

Палітыкі зазначылі, што над Беларуссю навісае пагроза страты незалежнасці, і толькі дэмакратычныя перамены здольныя гарантаваць краіне самастойнасць.

Уладзімір Някляеў адзначыў, што гатовы аб’ядноўвацца з усімі прадстаўнікамі апазіцыі і нават улады, якія гатовыя стаяць за незалежнасць:

– Пагроза страты нашай незалежнасці паўстала ў поўны рост, а кіраўнік краіны – так званы “гарант незалежнасці” – сустракае яе лежачы пад цяжарам  той палітыкі, якую ён праводзіў усе гады знаходжання ва ўладзе.  У такім разе паўстае пытанне: што рабіць? Ёсць у Беларусі антыбеларускія сілы, – не толькі расейскія, але і свае, калабаранскія, здрадніцкія, гатовыя здацца. Але ёсць і нацыянальныя сілы, гатовыя за сваю незалежнасць змагацца. Наша задача – сабраць усе гэтыя сілы ў адзін кулак. Мы мусім актывізаваць наша грамадства на змаганне супраць аншлюса.

Калі мы не падключым беларускае грамадства да змагання за захаванне нашай незалежнасці, Беларусь возьмуць як сонную муху і кінуць у  гранёную шклянку саюзных рэспублік і накрыюць імперскай накрыўкай. Каб гэтага не адбылося, я гатовы супрацоўнічаць з усімі патрыятычнымі сіламі і ў апазіцыі, і ў грамадскай супольнасці і ва ўладзе. Вось дзеля гэтага ў БНК прынялі рашэнне ўдзельнічаць у той палітычнай кампаніі, якая носіць назву прэзідэнцкія выбары.

Мікалай Статкевіч: Беларусь ідзе да раздарожжа, а хутчэй нават можна сказаць, што туды яе цягнуць знешнія і ўнутраныя абставіны. Перамены непазбежныя. Нас чакаюць драматычныя  перамены. Найперш таму, што беларускі рэжым вычарпаў свой эканамічны патэнцыял, галоўны складнік гэтага патэнцыялу – расейскае ўтрыманне. Расея ўжо не здольная і не хоча ўтрымоўваць Беларусь. Рэжым вычарпаў і свой электаральны патэнцыял. Лукашэнка сёння з’яўляецца мабыць самым ненавісным чалавекам. Утварылася ўпершыню мабыць такая сітуацыя, што задоўга да выбараў апазіцыйныя палітыкі маюць рэйтынг рэальна вышэйшы, чым Лукашэнка.

У беларускім грамадстве ёсць станоўчыя кансэнсусы: першае, беларускае грамадства хоча незалежнасці; другое, грамадства хоча перамен – палітычных і эканамічных; і галоўны кансэнсус – Беларусь хоча змены гэтай улады. Так, шмат што не залежыць ад нас, але і шмат што залежыць. Задача патрыятычных сіл – кансалідаваць гэтую пратэстную большасць і ўзначаліць, і тады мы будзем кіраваць сітуацыяй. Не бездапаможна чакаць, што з намі зробяць знешнія сілы. У нас сапраўды за шмат гадоў склалася ўнікальная сітуацыя, што дэмакратычныя, патрыятычныя сілы могуць ачоліць Беларусь і вызначыць траекторыю руху краіны да эканамічнага, сацыяльнага, нацыянальнага  развіцця, да росквіту.  Другі варыянт – спадзявацца на чалавека, які набраў пад абяцанні здаць нас каласальныя грошы, які рэальна нас прадаў, аддаў у заклад.

Паводле палітыкаў, Лукашэнка давёў да сітуацыі, калі ў Беларусі засталося толькі два варыянты: альбо анэксія Расеяй, альбо рэвалюцыя. Беларускі Нацыянальны Кангрэс зазначае: ўсе прыхільнікі незалежнасці маюць мабілізавацца, каб прыпыніць пагрозу для беларускай дзяржавы, і вярнуць у нашу краіну дэмакратычны лад.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя