Актуальна

Лідэр грузаперавозчыкаў Сяргей Штода пасьля 15 сутак выйдзе на волю

18 лютага пасьля 15 сутак арышту павінен выйсьці на волю кіраўнік менскай транспартнай фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода, якога затрымалі пасьля таго, як ён абвясьціў аб правядзеньні ў Менску акцыі пратэсту падманутых грузаперавозчыкаў.

Акцыю плянавалася правесьці 4 лютага каля Дома ўраду.

Сяргея затрымалі 3 лютага, калі ён накіраваўся на сустрэчу зь першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім. Аднак сустрэча не адбылася, а лідэра грузаперавозчыкаў абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

На сустрэчы ва ўрадзе Сяргей Штода спадзяваўся дамовіцца пра скасаваньне штрафаў за нібыта парушэньні правілаў перавозак грузаў у рамках сыстэмы BelToll.

Беларускія грузаперавозчыкі абвінавачваюць улады ў спробе зьнішчыць недзяржаўны сэктар міжнародных транспартных паслугаў і ў адмове правесьці абяцаную імі амністыю па штрафах за карыстаньне платнымі дарогамі BelToll.

Улады абяцалі правесьці амністыю па штрафах, якія ўтварыліся ў першыя тры месяцы працы сыстэмы BelToll з прычыны тэхнічных збояў сыстэмы і недастатковага інфармаваньня перавозчыкаў. Аднак пасьля зьмены эканамічнай сытуацыі гэтае абяцаньне не было выканана.

Паводле прыватных грузаперавозчыкаў, сыстэма BelToll была ўведзена без належнай падрыхтоўкі, у выніку перавозчыкі страцілі дзясяткі тысяч эўра.

У сваім звароце да грузаперавозчыкаў ад 26 студзеня Сяргей Штода заявіў, што транспартная інспэкцыя запусьціла працэдуру банкруцтва для невялікіх арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён заклікаў выйсьці да Дома ўраду і зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разабрацца ў сытуацыі.

«Мы не тэрарысты, нічога супрацьзаконнага рабіць ня будзем, мы толькі просім разабрацца ў нашай сытуацыі, мы — частка народу, мы законапаслухмяныя падаткаплатнікі. Гэтыя паветраныя штрафы прывядуць да банкруцтва многіх, наступствы ўсе разумеюць, нельга да гэтага даводзіць», — адзначыў Сяргей Штода.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода