Літва пашырае салідарнасць
Асабістае падтрыманне кожнага беларускага палітвязня. Такую ініцыятыву распачалі дэпутаты літоўскага Сейму. Прадстаўнікі розных палітычных партыяў, рэпрэзентаваных у парламенце краіны-суседкі, плануюць максімальна пашырыць кантакты з палітвязнямі ды іхнымі роднымі.
У дзень, калі беларускае дэмакратычнае грамадства святкуе Дзень Волі, літоўскія палітыкі звярнулі ўвагу на тых, хто застаецца ў няволі праз сваю грамадскую ці палітычную дзейнасць. Чальцы Сейму запрасілі ў Вільню родных, сваякоў і калегаў Алеся Бяляцкага, Міколы Статкевіча ды іншых палітычных вязняў. І абвесцілі пра пачатак ініцыятывы, сутнасць якой – у пашырэнні прыватных кантактаў дэпутата з роднымі ды калегамі тых, хто пацярпеў за свае погляды. Віцэ-спікер літоўскага сейму Пятрас Аўштравічус, які асабіста будзе апекавацца беларускім палітычным вязнем, сусветна вядомым праваабаронцам Алесям Бяляцкім, тлумачыць прычыны ягонае ўвагі да сітуацыі ў Беларусі.
ПЯТРАС АЎШТРАВІЧУС, ВІЦЭ-СПІКЕР СЕЙМУ ЛІТВЫ:
«Галоўная праблема Еўропы – гэта Беларусь! Бо ўся краіна ўзятая ў палітычнае «апякунства» Лукашэнкі. Які не бачыць іншага сцэнара для Беларусі, акрамя як трымаць яе пад замком. Свабода – гэта прынцып, які лечыць ад усіх хваробаў. І я спадзяюся, што мы дапаможам і нашым суседзям».
Жонка экс-кандыдата на прэзідэнты Міколы Статкевіча Марына Адамовіч успрымае любую ўвагу з боку міжнароднай супольнасці да праблемаў правоў чалавека ў Беларусі з радасцю і надзеяй.
МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА МІКОЛЫ СТАТКЕВІЧА:
«Лукашэнка ўвесь час паўтарае: давайце ціха, давайце ціхенька, па-сямейнаму. Няма чаго шум падымаць. Ведаеце! Гэта само па-сабе сведчыць пра тое, што падтрымка вельмі важная!».
А ўвага да Беларусі сапраўды патрэбная. Згодна са звесткамі розных няўрадавых арганізацыяў, нашая краіна ўваходзіць у спіс самых несвабодных краінаў свету, побач з Узбекістанам, Кубаю ды Кітаем. Дый апошнія мясцовыя выбары паказалі, што нават маленькага глытка волі ўлады не дазволяць.
Юрый Салодкі, Белсат