Навіны

Лукашэнка не атрымаў ад Пуціна крэдыт на 2 мільярды долараў

…і хоча прарваць міжнародную блакаду праз Антарктыду…

Пра гэта піша расійская газета “Коммерсантъ”. Нагадаем, што ў пятніцу, 15 сакавіка, у Санкт-Пецярбургу прайшло паседжанне Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка меркаваў дамовіцца з Уладзімірам Пуціным на двухмільярдны крэдыт.

Аднак расійскі бок звярнуў увагу на тое, што афіцыйны Мінск не выконваў умовы ранейшых крэдытаў. Выдачу новага крэдыту Расія абумоўлівае маштабнай прыватызацыяй дзяржпрадпрыемстваў.

Разам з тым кіраўнікі Беларусі і Расіі падпісалі дамову пра будаўніцтва беларускай даследчай станцыі ў Антарктыдзе. Гэты дзіўны праект расійскае выданне тлумачыць тым, што ў дамове па супрацоўніцтве ў Антарктыдзе ўдзельнічаюць больш за 20 краін — пачынаючы з Расіі ды ЗША і сканчаючы Паўднёвай Афрыкай і Аргенцінай. У кожнай з гэтых краін ёсць у Антарктыдзе свая станцыя. Верагодна, Беларусь хоча прарваць міжнародную ізаляцыю, у якой цяпер знаходзіцца, праз Антарктыду.

Фота — kommersant.ru

Еўрарадыё