Навіны

Лямпачку ў камэры Максіма Вінярскага не замянілі. — Патрон зламаўся

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, якога напярэдадні Чарнобыльскага шляху прэвэнтыўна арыштавалі на 12 сутак, вызваляецца з Акрэсьціна 4 траўня. 

Першыя 9 дзён арышту Максім Вінярскі трымаў сухую галадоўку, потым пачаў піць ваду, але ад ежы дагэтуль адмаўляецца. Адвакат распавяла пра стан здароўя вязьня. 

«Стан здароўя нармальны, лекар у яго бывае кожны дзень. Такі адказ сёньня мне даў дзяжурны ізалятару. Ён застаўся ў той жа камэры, дзе і быў, пра якую скардзіўся, што там няма лямпачкі пад стольлю і цёмна чытаць. Хацелі замяніць лямпачку, але аказалася, што зламаны патрон, таму, маўляў, не ўкруцілі. Яшчэ радыё там дрэнна чуваць. Але ён больш не захацеў, каб я настойвала на зьмене камэры, сказаў, што там застанецца. Мала да каго яго падсадзяць, раптам да такога, зь кім будзе яшчэ больш складана, розныя ж арыштанты бываюць. Вырашыў дасядзець у гэтай камэры».

Акрамя скаргі на ўмовы ў камэры Максім Вінярскі аспрэчыў прысуд, які яму вынесла судзьдзя Людміла Лапо з Завадзкога суду.

Час меркаванага выхаду Максіма Вінярскага з Акрэсьціна — 4 траўня, 11 гадзінаў 15 хвілін.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода