Магілёўскія турэмшчыкі мяняюць тактыку
Магілёўскія турэмшчыкі Мікалая Статкевіча мяняюць тактыку – цяпер заказныя лісты да палітвязня адпраўляюцца назад адрасатам без тлумачэння прычынаў.
Аб гэтым паведаміла Марына Адамовіч, жонка палітвязня: “Я раней праз прэсу звярталася да людзей, якія пісалі Мікалаю, але іх лісты не даходзілі, каб дасылалі заказныя лісты. Бо простыя зусім не траплялі да адрасата, зусім… Але ж з заказнымі было па-іншаму. Зрэдку іх нават прыносілі, часцей Мікалаю паказвалі пустыя канверты з паведамленнем, што “ліст не прайшоў цэнзуру”. Але ж ён ведаў, што лісты былі. Ведаў хаця б пра заказныя… Цяпер, падобна, сітуацыя памянялася. Турэмнае начальства абрала новую тактыку – проста вяртаць лісты адпраўнікам, нават не патлумачыўшы прычынаў вяртання.”
Жанчына патлумачыла, што апошнім часам ад розных асобаў яна даведалася аб вяртанні самых “нявінных” лістоў, якія былі дасланыя “заказной” поштай. Такім чынам, адміністрацыя турмы №4 спрабуе канчаткова ізаляваць Мікалая Статкевіча ад знешніх стасункаў.
У гэтым жа рэчышчы “вырашаецца” пытанне і з падпіскай на газеты і часопісы. Мікалай Статкевіч паведаміў у лісце, што з ліпеня яму забаронена атрымліваць прэсу, якую яму выпісваюць з волі. Цяпер падпіску ён мусіць афармляць толькі сам і толькі са сродкаў, якія ёсць на яго рахунку, і, канешне, праз адміністрацыю.
Марына Адамовіч мяркуе, што гэта сталася вынікам шырокага розгаласу таго, што палітвязень цягам доўгага часу не атрымліваў выпісаных яму газет і нават звярнуўся з гэтай нагоды ў пракуратуру. “Мабыць, адміністрацыя такім чынам вырашыла раз і назаўсёды “вырашыць праблему”, – мяркуе жанчына. – “А ў чым вінаватыя іншыя вязні, на якіх цяпер таксама распаўсюджваецца забарона? Далёка не ва ўсіх ёсць сродкі на рахунках. Праўда, яны не ўлічылі, што я – юрыст і буду ўздымаць гэта пытанне на ўсіх узроўнях”