«Малады фронт» заклікаў выйсці 29 кастрычніка да будынку КДБ у Менску
Акцыя будзе прысвечаная памяці беларускай інтэлігенцыі, расстралянай у ноч з 29 на 30 кастрычніка.
29 кастрычніка 1937 – адна з самых страшных дат у гісторыі Беларусі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў сутарэннях КДБ былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, піша «Новы Час».
У расстрэльным спісе, які быў падпісаны ў тым ліку Сталіным і Молатавым, былі імёны такіх выбітных дзеячаў культуры Беларусі як Алесь Дудар, Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Валерый Маракоў, Васіль Сташэўскі, Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі.
Каб такія злачынствы ніколі не паўтараліся, мы павінны пра іх памятаць. Таму «Малады фронт» заклікае 29 кастрычніка а 19 гадзіне выйсці да сцен будынка КДБ на акцыю памяці ахвяр НКВД (КДБ) са свечкамі і з партрэтамі забітых камуністычнымі карнікамі.
Мэту і сэнс акцыі тлумачыць Зміцер Дашкевіч:
«Камуністычны рэжым Савецкага Саюза імкнуўся перш за ўсё да таго, каб знішчыць нацыянальную эліту Беларусі, тым самым знішчыўшы адрозненні паміж «братэрскімі народамі» і падпарадкаваць нашу краіну Маскве. Калі не так, то чаму першымі пад каток рэпрэсій траплялі дзеячы культуры? Чаму сярод арыштаваных настаўнікаў знішчалі перш настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры? Дзеля якой мэты ў 1920 – 1930-я было рэпрэсаванае 90% літаратараў? Адны імёны расстрэльнага спісу 29 кастрычніка 1937 году – гэта вечны прысуд карнай камуністычнай ідэалогіі. Таму 29 кастрычніка а 19 гадзіне мы заклікаем усіх выйсці да будынка КДБ на акцыю памяці іх ахвяр, каб заявіць нашчадкам зладзеяў, што рана ці позна, але злачынства будзе асуджанае; каб перад «старэйшым братам» засведчыць, што насуперак усім злачынствам «Беларусь жыве І Будзе Жыць».