Маральны тэст
Прачытаў артыкул П. Знаўца ў №39 “Народнай Волі”. Згодзен з аўтарам, што легітымізацыя рэжыму ў выніку прэзідэнцкіх выбараў нясе дадатковую пагрозу нашай незалежнасці. Убачыць у чалавеку, які 20 гадоў паслядоўна знішчае апірышча незалежнасці ў грамадстве, гаранта гэтай незалежнасці можна толькі з вялікага перапуду. Легітымізацыя рэжыму паскорыць і “загніванне” беларускага грамадства. Калі лідэры еўрапейскіх дзяржаваў, што ўспрымаюцца ўвасабленнем ідэалаў свабоды, будуць прымаць кіраўніка беларускага рэжыму, як легітымнага прэзідэнта, то для многіх у нашай краіне гэта будзе доказам, што гэтыя ідэалы, як і ўсе астатнія – лухта. Не кажу ўжо пра настрой тысячаў тых, хто шмат чым ахвяраваў дзеля свабоды.
Але не магу пагадзіцца з Паўлам, што ўдзел у выбарах апазіцыі аўтаматычна вядзе да легітымізацыі, а байкот – не. Усё залежыць ад таго, які гэта ўдзел, і які байкот.
У сакавіку 2006 года масавая акцыя пратэсту, хай і “злітая” кандыдатамі, супраціў моладзі, якая арганізавала намётавы лагер на Кастрычніцкай плошчы, а потым і арышт кандыдата Аляксандра Казуліна, зрабілі легітымізацыю тых выбараў немагчымай.
Разгон у снежні 2010 года масавай акцыі пратэсту і арышт большасці кандыдатаў не дазволілі некаторым вельмі “практычным” еўрапейскім палітыкам дамагчыся прызнання тагачасных выбараў. Свет заўсёды на баку тых, хто змагаецца за сваю свабоду і ігнаруе тых, хто прымае ролю “народца”.
Заходнія краіны цудоўна ладзілі з многімі арабскімі “царкамі”, але адразу змянілі сваё стаўленне, калі падданыя тых пачалі барацьбу за свае правы.
Зараз беларускаму рэжыму дзеля прарыву ў адносінах з Захадам дастаткова толькі прадэманстраваць “заўважны прагрэс” у правядзенні “выбараў”. Гэта значыць, паставіць сабе крыху меньшы працэнт галасоў у праігнараваць мажлівую акцыю пратэсту.
Але ж ніхто з патэнцыйных кандыдатаў і не збіраецца арганізаваць дзейсны пратэст. У якасці “адмазкі” выкарыстоўваецца жупел расійскага ўзброенага ўмяшальніцтва. Хоць такое ўмяшальніцтва магчымае толькі як рэакцыя на пераможную рэвалюцыю. Пара разбітых дзвярэй і нават некалькі зламаных кустоў яго ж не выклікалі.
Не справа мітынгу на плошчы вызначаць геапалітычны вектар развіцця краіны. Гэта функцыя дэмакратычна абранага парламента. А прыхільнікі якога вектару былі б там у большасці, калі б свабодныя выбары адбыліся зараз, расійскае кіраўніцтва ведае. Таму не думаю, што акцыі з патрабаваннем дэмакратычных выбараў яго асабліва напружваюць. Не кажучы ўжо пра імавернасць іх поспеху ў бліжэйшы час.
Альтэрнатыўныя кандыдаты гатовыя згуляць па правілам рэжыму. Што казаць, калі нават самы смелы з іх ніводнага разу не пераступіў мяжу (умоўна назавем яе “бардзюр”) паміж адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю за вулічныя акцыі. А пра астатніх і гаварыць няма чаго.
Просты няўдзел апазіцыі ў выбарах таксама не можа перашкодзіць легітэмізацыі рэжыма. Бо, калі няма ні доказаў фальсіфікацый, ні, адпаведна, акцый пратэсту супраць іх, то за што тады не прызнаваць выбары?
Байкот можа быць нагодай для непрызнання выбараў, калі яго прычына – незаконная адмова ў рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў ці асноўных з іх. Ініцыятыва па вылучэнню адзіным кандыдатам палітыка, што мае “палітычную” судзімасць, ці нават з’яўляецца палітвязнем, адпавядае гэтаму варыянту. Калі дэмакратычныя краіны не прызнаюць законнай судзімасць ці зняволенне кандыдата, то і прызнаць іх у якасці законнай прычыны для адмовы ва ўдзеле ў выбарах яны не могуць. Да таго ж, калі судзімасць ці зняволенне звязаныя з мінулымі выбарамі,то гэта дадаткова высвечвае стан беларускай палітычнай сістэмы.
Але беларуская апазіцыя не падтрымала такую стратэгію. І цяпер удзел у “выбарах” толькі апазіцыйных зіц-кандыдатаў робіць перспектыву легітымізацыі рэжыму цалкам рэальнай.
У такіх умовах спроба некаторых арганізацый вылучыць кандыдатам аўтара гэтых радкоў пакуль выглядае больш маральнай, чым маючай практычны эфект, альтэрнатывай. Але стаўленне да яе і да іншых выбарчых стратэгій можна лічыць маральным тэстам, які дапаможа беларускаму грамадству зразумець, хто ёсць хто ў нашай апазіцыі. І, магчыма, будзе спрыяць фарміраванню ў ёй дзеяздольнага ядра.