Навіны

Марэк Мігальскі: Тое, што зрабіў і робіць Мікола Статкевіч – вартае захаплення

12 жніўня, экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі, палітвязню Міколу Статкевічу спаўняецца 57 гадоў. Гэта ўжо трэці дзень нараджэння, які ён сустракае за кратамі, дзе яго трымаюць ужо больш за 2,5 гады.

Мікола Статкевіч апошні са зняволеных у 2010 годзе кандыдатаў у прэзідэнты, які прынцыпова не падпісвае прашэння аб памілаванні.

Спадзяюся, што гэта апошні дзень народзінаў, які ён правядзе за кратамі, кажа еўрадэпутат Марэк Мігальскі

Мы ніколі не сустракаліся са спадаром Статкевічам, але ў мяне такое ўражанне, што гэта асоба мне вельмі блізкая. Я ведаю яго жонку, яго гісторыю, ведаю пра яго змаганне за свабоду і дэмакратыю свайго народа. Магу запэўніць, што вялікая частка палякаў захапляецца, падтрымлівае, хто верыць у Бога моліцца за яго, бо тое, што ён зрабіў і робіць, як пераносіць выпрабаванні лёсу – вартае захаплення. Спадзяюся, што такі сумны дзень народзінаў будзе апошнім у яго жыцці, што рана ці позна ён дачакаецца свабоды, а пазней і свабоднай Беларусі не толькі для сябе, але і для ўсіх беларусаў – чаго я сардэчна зычу.

Віншавальную тэлеграму Міколу Статкевічу можна даслаць праз сайт кампаніі Свабода х 2.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя