Марш беларускіх “баевікоў” па цэнтры Мінска. Як гэта было
20 год таму Беларускае згуртаванне вайскоўцаў прайшло маршам па праспекце Скарыны, што моцна напалохала міністра абароны і кіраўніка КДБ. Відэапрэм’ера ад «Салідарнасці».
Старшыня «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» Мікола Статкевіч
Марш Беларускага згуртавання вайскоўцаў 1993 года (18.03.2013)
Акцыя вясны 1993-га стала пікам дзейнасці «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» (БЗВ). Арганізацыя была заснавана падчас ГКЧП, а праз год ініцыятавала шчымлівую цырымонію прысягі на вернасць Беларусі на сталічнай плошчы Незалежнасці.
Як расказаў «Салідарнасці» адзін з лідараў БЗВ, маёр запасу Алесь Станкевіч, менш, чым за два гады існавання былі створаны рэгіянальныя структуры арганізацыі ў Віцебску, Магілёве, Гродна і іншых гарадах.
На пачатку 93-га было вырашана стварыць і Мінскую гарадскую арганізацыю. Пасля ўстаноўчых паседжанняў у кожным з дзевяці сталічных раёнаў 20 сакавіка адбыўся агульны сход у Палацы прафсаюзаў. На наступны дзень, у нядзелю, сябры БЗВ запланавалі марш у цэнтры Мінска.
Устаноўчы сход суполкі БЗВ Фрунзенскага раёну
Былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка, які на той момант яшчэ працаваў у дзяржбяспецы, тлумачыць ініцыятыву двума прычынамі.
– Па-першае, гэта акцыя была прысвечана 75-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Па-другое, гэта была праверка структур БЗВ. Урачысты марш – заўсёды дэманстрацыя сваіх сіл і згуртаванасці.
Пад барабанны дроб па галоўнай вуліцы
Марш 21 сакавіка ўдзельнікі той падзеі ўзгадваюць як незабыўнае відовішча. З плошчы Незалежнасці на праспект Скарыны сябры «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» рушылі пад барабанны дроб і пад дзесяццю харугвамі з выявамі гістарычных постацяў.
Яны ўвасаблялі сабой дзевяць сталічных раённых арганізацый БЗВ, а таксама суполку Мінскага раёна. Так, пад харугвай «Вітаўт» ішлі прадстаўнікі Фрунзенскага раёна. Агулам на марш выйшла да 1000 сяброў згуртавання.
Большасць сярод іх складалі афіцэры запасу і ў адстаўцы, але былі і дзеючыя. Да прыкладу, на чале калоны ішоў старшыня БЗВ падпалкоўнік Мікола Статкевіч. Удзельнікі маршу ішлі ў цывільнай вопратцы (хоць і з шэўронамі БЗВ на рукавах), бо згуртаванне вайскоўцаў з’яўлялася грамадскай арганізацыяй.
Наперадзе калоны Алесь Станкевіч, напярэдадні абраны старшынёй Мінскай гарадской суполкі, нёс вялікі бел-чырвона-белы сцяг.
Удзельнікі маршу рухаліся па цэнтральнай частцы праспекта Скарыны. Калі галава калоны, да якой далучыліся шмат пабачыўшых маніфестацыю, дасягнула Кастрычніцкай плошчы, яе хвост з плошчы Незалежнасці яшчэ не выйшаў, узгадвае Алесь Станкевіч.
21 сакавіка 1993 года. На плошчы Незалежнасці фарміруецца калона
Харугва «Вітаўт»
На маршы. Злева направа – Іван Грос, Алесь Кулеш, Мікола Статкевіч, Валер Костка, Мікалай Жураўкін, Мікалай Бірукоў
Апошняй харугвай «Свіслач», якая прадстаўляла Ленінскі раён, кіраваў палкоўнік у адстаўцы Іосіф Шор.
– Мы хацелі паказаць, што ёсць людзі, якія стараюцца за Беларусь, – узгадвае ён. – Падчас і пасля маршу ніякіх праблем і перашкодаў у нас не было. Наадварот, хто бачыў, казаў: малайцы, не пабаяліся выйсці! Я ганаруся, што ўдзельнічаў у тым маршы.
– Мы ішлі без скандаванняў і выкрыкаў, як гэта бывае на палітычных мітынгах і шэсцях. Але гэта было відовішча. Марш вайскоўцаў пад барабанны дроп – гэта не жарты, – расказвае «Салідарнасці» дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання, афіцэр запасу Леанід Дзейка.
Пагаджаецца з ім і Валер Костка.
– Калі ты сярод аднадумцаў, калі вакол шмат народу, гэта заўсёды прыводзіць у стан узнёсласці. У нас было пачуццё годнасці і гонару за тое, што рабілі. Мы прадэманстравалі, што нас шмат і што сярод нас людзі, якія ведаюць, што такое дысцыпліна і парадак.
Марш скончыўся у скверы Янкі Купалы, дзе каля помніка паэту адбыўся мітынг, прысвячаны Дню Волі. Сярод яго ўдзельнікаў былі пісьменнік Васіль Быкаў і кіраўнік БНФ Зянон Пазьняк.
На мітынгу. Злева направа – старшыня Мінскай суполкі БЗВ Алесь Станкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Алег Трусаў, мастак Мікола Купава, актывіст БНФ і БЗВ Мікола Анцыповіч
Мітынг у скверы імя Янкі Купалы. У цэнтры сярод удзельнікаў – Васіль Быкаў (фота з сайта nashaziamlia.org)
Рэакцыя ўлады
Адзін з лідараў БЗВ Валер Костка невыпадкова называе акцыю 21 сакавіка 93-га пікам дзейнасці згуртавання. Рэакцыя на марш з боку ўладаў была звышнервовая, пачаўся разгром БЗВ.
– Старшыня КДБ Шыркоўскі ў той жа дзень 21 сакавіка сабраў вышэйшае кіраўніцтва дзяржбяспекі і загадаў разабрацца, што гэта за амаль ваенізіраваныя структуры БЗВ, – сцвярджае Валер Костка, які на той момант працаваў старэйшым юрысконсультам ў першага намесніка старшыні КДБ Валерыя Кеза.
Непрыемнасцяў дадало тое, што марш спалохаў міністра абароны Паўла Казлоўскага.
– Казлоўскі праз некалькі дзён ўзняў гвалт, казаў, што штурмавікі прайшлі пад барабанны дроп па галоўным праспекце Мінска. Відаць, у Мінабароны марш і дзейнасць БЗВ успрынялі як спробу стварыць альтэрнатыву існуючым узброенным сілам, – узгадвае былы дэпутат і «парламенцкі рупар БЗВ» Леанід Дзейка.
– Пал Палыч Казлоўскі лямантаваў, што БЗВэшныя баевікі ледзь не са зброяй у руках пагражалі зрынуць уладу, – адзначае Алесь Станкевіч.
Гэтыя абвінавачванні кіраўнікі БЗВ адкідаюць.
– Нашай галоўнай мэтай было выхоўванне патрыятычна настроеных людзей, якія ведаюць што такое абарона Радзімы, – расказвае «Салідарнасці» Валер Костка. – Нервовая рэакцыя зверху была выклікана тым, што там убачылі сілу людзей, аб’яднаных нацыянальнай ідэяй, пачуццём патрыятызму і нацыянальнай годнасці. Гэта сіла ў нейкі момант магла спрацаваць не так, як патрэбна ўладзе. А тое, што пагражае ўладзе, – знішчаецца.
Расправа над актывістамі БЗВ была хуткай. Літаральна праз два месяцы за «дыскрэдытацыю афіцэрскага гонару» звольнілі з войска кіраўніка згуртавання Міколу Статкевіча. У жніўні вымушаны быў развітацца з КДБ Валер Костка. Звольненымі аказаліся камандзір брыгады спецназа Ўладзімір Барадач і іншыя афіцэры узброеных сіл і міліцыі. БЗВ неўзабаве забаранілі.
– Казлоўскі дзесяткамі звальняў з войска афіцэраў-сябраў БЗВ. Мы прымалі з гэтай нагоды адпаведныя заявы, была і сумесная заява ад Апазыцыі БНФ і грамадскасці, дзе першым стаяў подпіс Васіля Быкава, – сведчыць дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання Сяргей Навумчык.
Сёння Алесь Станкевіч узгадвае падзеі 93-га з настальгіяй, але разам з тым і з асцярожным аптымізмам.
– Тады ў людзей была вера ў лепшую долю для сябе і блізкіх. А цяпер жа грамадства затурканае, а яго лідары ў турмах і раскіданыя па свеце. Але тыя падзеі паказваюць, што беларусы спяць да пары, да часу, – лічыць ён.
Таксама на гэтую тэму:
День, когда Площадь была заполнена солнцем и народом (13 фото)