«Марш мільёнаў» у Маскве. Сутычкі з паліцыяй і затрыманьні
Масква пратэстуе супраць інаўгурацыі Пуціна. Каля Балотнай плошчы ў Маскве, дзе сёньня адбыліся сутыкненьні ўдзельнікаў акцыі апазіцыі «Марш мільёнаў» з паліцэйскімі, затрыманыя дзясяткі людзей.
“Марш миллионов” – 6 мая 2012 г.
Дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы Масквы, каб патрабаваць перавыбараў і рэальнай дэмакратыі. Яны пратэставалі супраць карумпаванай улады Пуціна. На правакацыі сілавікоў маніфестанты адказалі адэкватна.
На Балотнай плошчы дэманстранты павалілі загародкі. |
Каб сарваць або скамечыць мітынг апазіцыі, расійскія ўлады ішлі на ўсялякія хітрыкі. Справа скончылася масавымі сутыкненнямі. Сітуацыя нагадвала мітынг пасля леташніх выбараў у Думу з той розніцай, што тады ў шэсці і сутычках узялі ўдзел каля 5000 тысяч чалавек, а сёння — да ста тысяч.
На гора для пуцінцаў, пратэсты ў Маскве ўсё мацней згуртоўваюць як правых, так і левых крытыкаў цяперашняй сістэмы.
Спачатку ўлады не давалі дазволу на шэсце ў цэнтры. Урэшце далі, тады пачаліся іншыя падкопы: актывістаў апазіцыі, што кіраваліся ў Маскву, затрымлівалі на рэгіянальных вакзалах. Ваенкамы палохалі моладзь, што з\’явіцца ў Маскве, заборам у салдаты. Нарэшце, улады пусцілі ў ход цяжкую артылерыю: брэгетаносец-патрыярх Кірыл на адмысловым мітынгу асудзіў тых, хто заклікае да невядомага новага. Сёння былі заблакаваныя самыя папулярныя апазіцыйныя сайты.
Тым не менш, на Якіманцы сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Нават і тут улады спрабавалі дэзарганізаваць пратэст. Было пастаўлена мала рамак з металашукальнікамі, утварылася штурханіна. Затое на вуліцы вывелі дзясяткі актывістаў пракрамлёўскай моладзі ў касцюмах цыркавых блазнаў, стаўбы заклеілі абразлівымі ўлёткамі. Карацей, зрабілі ўсё, каб справакаваць.
На Якіманцы адбыўся трагічны выпадак: фатограф залез на высокі балкон дома, каб зняць дэманстрантаў, але сарваўся і забіўся насмерць.
Кульмінацыяй напружання стаў момант, калі паліцыя спрабавала рассячы маніфестантаў на падыходах да Балотнай плошчы, дзе мантавалі сцэну мітынгу. Тады лідары апазіцыі, у тым ліку Аляксей Навальны і Сяргей Удальцоў, зладзілі сядзячую забастоўку каля кінатэатра «Ударнік», што ля Крамля.
На гэты момант на Балотнай плошчы ўжо згуртавалася каля 60 тысяч чалавек. Частка з іх пайшла назад да «Ударніка».
АМАП жорстка ціснуў на людзей, якія хацелі пакінуць плошчу. Тыя адказалі таксама сілай. У выніку на подступах да Балотнай плошчы людзі павалілі некалькі металашукальнікаў і ўтварылася цісканіна. Пасля гэтага сілавікі далі людзям прайсці.
Натоўп скандаваў: «Мы не сыдзем!».
«Мы сфармулявалі 3 патрабаванні: прадастаўленне апазіцыі на працягу гадзіны жывога эфіру на федэральных каналах, адмена інаўгурацыі прэзідэнта Пуціна і перапрызначэнне выбараў прэзідэнта і парламента», — сказаў Сяргей Удальцоў, дадаўшы, што цяпер на Балотнай і ў яе ваколіцах сабралася да 100 тысяч чалавек.
Баючыся штурму Крамля, паліцыя пачала маштабныя затрыманні ля кінатэатра «Ударнік». Быў ужыты слезацечны газ.
Анархісты разам з ультраправымі радыкаламі прарвалі кардон паліцыі, але былі спыненыя жалезнай агароджай і дубінкамі жаўнераў унутраных войскаў. У праваахоўнікаў ляцелі фаеры і цяжкія прадметы.
Затрыманыя лідары апазіцыі Аляксей Навальны (нацыяналіст), Сяргей Удальцоў (Левы фронт), Барыс Нямцоў (ліберал). Агульная колькасць затрыманых удакладняецца. Аднак ужо ясна, што расійскі люд сапсаваў заўтрашнюю інаўгурацыю Пуціна, які кіруе Расіяй ужо 13-ы год. Адначасова на Паклоннай гары адбыўся мітынг прыхільнікаў Пуціна. На яго сабралася каля трох тысяч чалавек, але расійская паліцыя заявіла пра 30 тысяч.
Наша Ніва
***
Паводле звестак расійскіх СМІ, на “Маршы” прысутнічала каля 500 удзельнікаў з Беларусі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, якія прыехалі, каб выказаць салідарнасць расіянам ды супольна змагацца супраць дыктатуры.
Падрабязны рэпартаж з месца падзей глядзіце тут