ГомельЗОНАПалітвязні

“Мікалай не верыць у доўгатэрміновыя перспектывы гэтай улады”

Марына Адамовіч атрымала спатканне з мужам акурат пасля праваслаўных Калядаў, 8 студзеня.

«Мікола, як заўжды, выглядае добра і ўпэўнена. У якім бы стане я ні ехала на спатканне, ён заўжды здольны пасяліць ува мне аптымізм. Я выходжу са спатканняў з усмешкай, бо адведзены нам час мы шмат размаўляем, смяёмся, таму час пралятае імгненна. Хоць у Міколы бракуе інфармацыі — яму нават „СБ. Беларусь сегодня“ не даносяць, але ён ведае пра сітуацыю ў нашай краіне і Казахстане. Ён прачытаў прапанаваныя змены ў Канстытуцыю і прыйшоў да высновы, што яны вядуць да канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, практычна да абсалютнай манархіі», — зазначыла Марына Адамовіч.

Паводле яе, Мікола не верыць у доўгатэрміновыя перспектывы гэтай беларускай улады.

«Ён аналізаваў рэсурсы бакоў і лічыць, што гэтая ўлада выкарыстоўвае адзіны, астатні ў іх рэсурс — сілавы. І яны будуць узмацняць гэты кампанент, бо грамадства затаілася, але не скарылася. Яны закручваюць накрыўку, а ўнутры — кіпенне. Гэта ўсё вядзе да страт на міжнародным узроўні і непазбежнасці перамен у краіне», — дадала жонка палітзняволенага.

Мікола, па словах Марыны, перажывае за падзеі ў Казахстане, у першую чаргу перажывае за тую кроў, якая цяпер там ліецца.

«Мікола гаварыў пра наш, беларускі шлях. Хоць былі, безумоўна, памылкі, але наш шлях не даў мажлівасць развязаць крывавы сцэнар», — зазначыла Марына Адамовіч.

novychas.online