Навіны

Марына Адамовіч: Міколу Статкевіча прапаноўваюць перавесці ў «адзіночку»

Адміністрацыя Магілёўскай турмы “настойліва прапаноўвае” Міколу Статкевічу напісаць прашэнне аб так званым “бяспечным утрыманні”. Фактычна, гэта змяшчэнне ў адзіночную камеру. Пра гэта тэлеканалу “Белсат” паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.

Глядзець відэа Глядзець відэа (06.11.2012)

“Ён ад гэтага рашуча адмаўляецца з простай вельмі прычыны – ніколі нельга нават у малым саступіць”, – падкрэсліла Адамовіч.

Паводле жонкі палітыка, Міколу Статкевіча па-ранейшаму трымаюць у інфармацыйнай ізаляцыі – яму не даюць атрымліваць газетаў і кніг ды імкнуцца максімальна абмежаваць кантакты з іншымі вязнямі.

У студзені 2012 г. суд змяніў умовы адбыцця пакарання Статкевіча на больш жорсткія: вязня перавялі з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва.

“Ён фактычна з першых дзён, калі быў пераведзены ў Магілёў, застаецца ў памяшканні СІЗА. Я думаю, менавіта дзеля таго, каб выключыць любыя кантакты. Бо не сакрэт, што існуюць унутрытурэмныя камунікацыі, і зняволеныя могуць перадаваць адзін аднаму інфармацыю і нават у пэўнай ступені бараніць адзін аднаго. Менавіта таму Міколу ізалявалі”, – падкрэсліла Марына Адамовіч.

Апошні кандыдат за кратамі

У траўні 2011 г. суд Ленінскага раёну Менску прыгаварыў Статкевіча да 6 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 г. Палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак 15 студзеня 2012 г. яму зрабілі больш жорсткія ўмовы ўтрымання, перавёўшы яго ў следчы ізалятар Магілёва. Адміністрацыя шклоўскай калоніі палічыла, што асуджаны палітык “не стаў на шлях выпраўлення”, “да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца” і пасля адбывання пакарання мае намер “весці злачынны лад жыцця”. Паводле Марыны Адамовіч, фармальнаю падставаю для абвінавачання стала адсутнасць на адзенні Статкевіча біркі з нумарам зняволенага, а таксама тое, што ён не пазначыў у спісе асабістых рэчаў насоўкі.

Мікола Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 г., якога дагэтуль трымаюць у зняволенні. Яму неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але Статкевіч катэгарычна адмаўляўся гэта зрабіць. Пасля такіх адмоваў ціск на палітзняволенага ўзмацніўся.

belsat.eu