Марына Адамовіч: На ўсе звароты даць спатканне з мужам, адказ – немэтазгодна
Вядомы і аўтарытэтны беларускі палітык Мікалай Статкевіч ужо дзесяць з паловай месяцаў знаходзіцца за кратамі.
У эфіры “Радыё Рацыя” адбылася размова з жонкай палітвязня – Марынай Адамовіч.
РР: Вельмі важна даведацца апошнюю інфармацыю пра Мікалая Статкевіча.
Марына Адамовіч: Мікалай па-ранейшаму знаходзіцца ў Жодзіне, у следчым ізалятары пры Жодзінскай турме №8. І зараз ідзе азнаямленне са справай. Па непацверджаных звестках, справа ўжо павялічылася да 170 тамоў. Але Мікалай адмовіўся з ёй знаёміцца, бо вывучыўшы некалькі тамоў ён прыйшоў да высновы, што ўся гэтая справа сфабрыкаваная, і што саўдзельнічаць у злачынстве – бо лічыць такія справы сапраўдным злачынствам, ён адмовіўся пад запіс у пратаколе. Як я разумею, зараз ён проста чакае, калі справа будзе перададзена ў пракуратуру, а потым у суд.
РР: Раскажыце, якім чынам адбываюцца вашы кантакты і ці можна іх назваць сталымі кантактамі? Ці як і ад іншых палітвязняў да вас даходзіць вельмі мала інфармацыі?
Марына Адамовіч: Ліставанне больш-менш рэгулярнае. Бываюць нейкія перапынкі, непрайшоўшыя лісты. Хутчэй пытанне нават не ў колькасці непрайшоўшых лістоў, а ў тэрмінах, за якія гэтыя лісты да мяне даходзяць, бо бывае прыходзяць два-тры лісты ў адзін дзень, якія па часе раздзеленыя тыднямі. Ніякіх іншых камунікацый у мяне з Мікалаем няма. У нашай краіне такі спосаб следства выкарыстоўвае як дадатковы ціск не толькі на самога зняволенага, чыя віна ніякім чынам не даказаная нават нашым судом, але і для ціску на ягоных блізкіх. То бок, усе мае шматразовыя звароты ў Следчы камітэт з просьбай даць мне спатканне з мужам, якога я не бачыла ўжо дзесяць з паловай месяцаў, заканчваюцца абсалютна аднолькава – НЕМЭТАЗГОДНА. То бок, следчы, або СК лічаць, што спатканне нават кароткатэрміновае, нават праз тэлефон і шкло – гэта немэтазгодна. Хачу падкрэсліць, што нават для людзей, асуджаных на пажыццёвае зняволенне, для людзей, якія знаходзяцца ў турме на строгім рэжыме, прадугледжана хаця б адно спатканне працягласцю да 4-х гадзін на год. Іншых варыянтаў, як перадаць яму перадачку, каб ён разумеў, што ты пра яго клапоцішся, што ты пра яго думаеш кожную хвілінку, і ліставання, у нас няма.
РР: Як бы вы ацанілі, ці ёсць у спадара Мікалая ў сучаснай Беларусі права на абарону? Вядома, што ў краіне ўсе правы абмежаваныя, нейкія сувязі з адвакатам ёсць у вас?
Марына Адамовіч: Адвакат у нас, безумоўна, ёсць. Але вы ўжо маглі ўпэўніцца па тых шматлікіх звестках са Следчага камітэта, ужо не менш чым 450 спраў былі разгледжаны ў судзе, і нешта я не прыгадаю выпадкаў, калі б гэтыя так званыя справы скончыліся апраўданнем людзей, якія былі захопленыя за сваю грамадзянскую пазіцыю. Я абсалютна ўпэўнена, што ніякай іншай віны на іх няма.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя