Навіны

Марына Адамовіч: Не веру, што Міколу адпусцяць па амністыі

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Міколы Статкевіча, рада вызваленню Алеся Бяляцкага, але спадзяванняў на тое, што цяпер адпусцяць іншых палітзняволеных ў тым ліку яе мужа ў яе няма. 

Аб гэтым Марына расказала “Радыё Рацыя”

– У мяне нават такой думкі не ўзнікае… Для вызвалення Алеся яны выбралі працэдуру амністыі. Але гэта была верагодная працэдура, бо артыкул, па якім быў асуджаны Алесь, быў уключаны ў пералік артыкулаў, якія падыходзяць пад амністыю. На гэта было адзінае маё спадзяванне.

Што тычыцца Міколы, то ледзь ні кожны месяц паўтараюцца рытуальныя заклінанні, што “напіша прашэнне – будзе на волі”.

Марына Адамовіч мела нагоду размаўляць са зняволеным мужам па тэлефону. Яны абмяняліся думкамі наконт будучых прэзыдэнцкіх выбараў. 

Не працэдуры і спосабы вылучэння адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах павінны займаць лідараў Беларускай апазіцыі, а вызначэнне мэтаў кампаніі і спосабы дасягнення тых мэтаў, лічыць Мікалай Статкевіч, паводле словаў жонкі.

Мікалай Статкевіч надалей застаецца ў зняволенні.

“Надзея памірае апошняй, але спадзяванняў на гэту амністыю ў дачыненні да Міколы Статкевіча няма”, – сказала Марына Адамовіч.

Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў нібыта за арганізацыю масавых забурэнняў 19 снежня 2010 году. Статкевіч сваёй віны не прызнаў. Пакаранне Мікалай Статкевіч адбывае ў крытай магілёўскай калоніі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя