Актуальна

Марына Адамовіч: “Статкевічу на Плошчу званіў нецьвярозы чалавек, магчыма, правакатар”

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча гэтак адказала на просьбу карэспандэнта Свабоды пракамэнтаваць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас яе мужа.

«Звычайна я не камэнтую яго, і пра гэта ўжо шмат разоў казала, што не аналізую ягоныя словы і не камэнтую. Што камэнтаваць плынь сьвядомасьці чалавека, які, па сутнасьці, выдае свае патаемныя жаданьні? Сёньня будзе казаць на белае — чорнае, а заўтра назаве гэта чырвоным, і гэтак далей. І ўсё будзе шчыра, прыклаўшы руку да грудзей».

На прэсавай канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды Валера Каліноўскага пра магчымасьці палепшыць адносіны з Захадам праз вызваленьне Мікалая Статкевіча, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што той нібыта «… павёў на штурм людзей, у мяне ёсьць запіс перамоваў з Кіевам, калі яму прапаноўвалі ісьці і садзіцца ў крэсла прэм’ер-міністра. Але гэта мы праехалі. Ён не палітвязень».

Пра тое, што Мікалаю Статкевічу было тэлефанаваньне ў той момант, калі ён знаходзіўся на плошчы перад Домам ураду ў натоўпе людзей, якія пратэставалі супроць фальшаваньня выбараў, Марына Адамовіч даведалася з прапагандысцкага фільму «Жалезам па шклу», а таксама на працэсе над яе мужам. Марына Адамовіч мяркуе, што званіў Статкевічу нейкі выпадковы чалавек, яўна нецьвярозы, і не выключае, што гэта была правакацыя:

«Гэта цалкам мажліва, што была і правакацыя. Бо там было ўсё настолькі сьмешна. Выразна была чуваць, што п’яны голас. Можа, хто са старых знаёмых званіў, можа, яшчэ як — адкуль я ведаю? Дакладна ведаю, што гэта не ягоны брат званіў. Там гучалі нейкія трызьненьні, а Мікалай на гэта адказаў, што „даруй, не магу размаўляць, тут сытуацыя складаная, АМАП людзей б’е“. Нешта такое прыблізна. Але ўжо мінула чатыры гады».

Марына Адамовіч сказала, што падрабязны камэнтар усіх словаў, сказаных Аляксандрам Лукашэнкам на адрас яе мужа Мікалая Статкевіча, скажа тады, калі Статкевіч выйдзе на волю.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода