Навіны

Марына Адамовіч: "Сусед па камеры Міколы напісаў прашэнне пра памілаванне"

Суседам Мікалая Статкевіча па камеры ў турме №4 гораду Магілёва з\’яўляецца былы намеснік камандзіра часткі 3214 Міністэрства ўнутраных справаў Андрэй Васільеў. Нядаўна сукамернік напісаў прашэнне пра памілаванне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта даведалася жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч.

Андрэй Васільеў асуджаны за забойства да 21-го года зняволення, з якіх 11 ужо адсядзеў. Яго прозвішча фігуравала сярод датычных да так званага  “эскадрону смерці”, які падазраецца ў выкраданні і забойстве беларускіх апазіцыйных палітыкаў. Пра гэта распавядаў адзін з былых вайскоўцаў гэтай часткі.

– Мікола кажа, што ён, безумоўна, абвяргае сваю датычнасць да “эскандронаў смерці” і да забойстваў. Яны сядзяць разам з сакавіка. У канцы сакавіка недзе яго перавілі з Наваполацкай калоніі ў турму і пасадзілі непасрэдна ў камеру да Міколы. Спачатку яны сядзелі ўтрох. А потым засталіся ўжо ўдвух.  Пасля таго як першы сусед напісаў прашэнне аб бяспечным утрыманні.

Пасля падсялення Васільева ў камеру Статкевіча з\’явіліся меркаванні, што гэта зроблена наўмысна, дзеля псіхалагічнага ціску на палітыка. Але па словах Марыны Адамовіч, яе муж нейкіх заўвагаў адносна свайго сукамерніка не выказваў. “Калі сядзіш удвух, у замкнутай вельмі маленькай прасторы, мусіш вольна-нявольна ўжывацца з сукамернікамі”, — кажа жонка палітыка.

Беларускае Радыё Рацыя