Навіны

Марына Адамовіч: Вылучэнне Статкевіча – моцны крок

Вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам можа дапамагчы яму выйсці з турмы.

Жонка палітвязня, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч выказала charter97.org меркаванне аб тым, што вылучэнне яе мужа ў якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі на будучых выбарах – вельмі моцны палітычны крок, які можа дапамагчы яму выйсці на волю.

– Я расцэньваю вылучэнне Мікалая не толькі як акцыю салідарнасці, але яшчэ і як палітычную акцыю, якая можа за сабой пацягнуць розныя наступствы. З пункту гледжання палітычнай мэтазгоднасці, мне здаецца, што гэта вельмі правільны крок і, магчыма, у сённяшніх варунках расейскай пагрозы, і ваеннай, і інфармацыйнай, гэты крок адзіна правільны, – сказала яна.

– У падтрымку вылучэння Мікалая Статкевіча выказаліся вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, кампанія ўбіраецца ў сілу. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Я вельмі ўдзячная ўсім тым людзям, якія падтрымліваюць Мікалая і выказваюцца ў падтрымку гэтай стратэгіі, нават нягледзячы на тое, што, магчыма, для яго самога гэта не самы найлепшы варыянт. Хоць, з іншага боку, я не выключаю варыянт таго, што менавіта гэтая кампанія можа сапраўды дапамагчы яму выйсці на волю.

Як палітычны крок з сапраўды пастаўленымі мэтамі і з сапраўды данесеным пасланнем, адрасаваным уладам, яна можа мець вельмі розныя наступствы. Гэтая кампанія дае магчымасць уладам памяняць сваю пазіцыю і пайсці на дыялог з грамадзянскай супольнасцю. Вылучэнне Мікалая ў якасці адзінага кандыдата можа паспрыяць вызваленню палітвязняў.

– Што з гэтай нагоды думае сам Мікалай Статкевіч?

– Я абсалютна ўпэўненая, што сам Мікалай даў сваю згоду, разумеючы палітычную мэтазгоднасць такой пастановы, хоць ён выразна ўсведамляе, што гэта можа яму каштаваць дадатковых гадоў зняволення.

– Вы падтрымліваеце ідэю байкоту выбараў у выпадку адмовы ўладаў вызваліць палітвязняў? Наколькі маральны ўдзел у выбарах у сённяшніх варунках?

– У выпадку, калі ўлада не мяняе свайго стаўлення да сітуацыі, не ідзе на лібералізацыю заканадаўства і нават не робіць ніводнага кроку для таго, каб выканаць патрабаванні міжнароднай супольнасці і грамадзянскай супольнасці Беларусі ў правядзенні сумленных выбараў, то ў сённяшніх варунках гэта, магчыма, той адзіны раз, калі я падтрымліваю такую ідэю. Я кажу ў першую чаргу нават не аб маральных крытэрах, а аб вонкавых пагрозах з боку Расеі.

Хартыя\’97