Марына Адамовіч: “Заявы пра вызваленне палітвязняў – хлусня”
Жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча не верыць у гатоўнасць афіцыйнага Менску вызваліць палітычных вязняў.
«Словы пра магчымае вызваленне беларускіх палітвязняў – чарговая хлусня з боку рэжыму. Я ўвогуле не лічу патрэбным каментаваць падобныя заявы. Я веру справам, а не гэтым словам пра гатоўнасць купіць-прадаць», – сказала Марына Адамовіч у інтэрв\’ю charter97.org.
Жонка Мікалая Статкевіча лічыць, што калі Лукашэнка і пойдзе на вызваленне палітвязняў, толькі толькі тады, калі сітуацыя стане крытычнай для яго.
«Калі вельмі прыцісне – адпусціць. Давайце пачакаем. Будуць рэальныя справы – тады і паглядзім. Калі гатовыя вызваліць – то чаму не сёння? Чаму я не магу сёння сустрэць мужа дома? Якія яшчэ дадатковыя ўмовы для гэтага павінны здарыцца?»- задае пытанне Марына Адамовіч.
Яна адзначыла, што ўлады не ў першы раз спрабуюць абмяняць пустыя абяцанні пра вызваленне палітычных вязняў на дапамогу з боку Еўрапейскага Звяза.
«Відавочна палітычная і эканамічная сітуацыя ў краіне прымушае рэжым даваць падобныя абяцанні. Мы пра гэта заўсёды казалі: палітвязні – закладнікі і прадмет гандлю. А што тычыцца Еўрапейскага Звяза, то ён не мае глабальнай стратэгіі ў адносінах да Беларусі, таму еўрапейскія палітыкі зноў спрабуюць нейкім чынам дамовіцца з уладамі. Яны да гэтага часу вераць у тое, што гэта магчыма», – сказала жонка Мікалая Статкевіча.
Нагадаем, у Беларусі за кратамі па-ранейшаму знаходзяцца 13 палітычных вязняў. Падчас свайго візіту ў Беларусь дакладчык дэлегацыі Еўрапейскага парламента Юостас Палецкіс заявіў, што ўлады «гатовыя вырашаць пытанні» аб іх вызваленні.