Масавая акцыя ў цэнтры Менска: Байкот дыктатуры!
Беларусы пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў.
Акцыя пачалася адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў на Кастрычніцкай плошчы і працягнулася ў выглядзе шэсця па праспекце Незалежнасці. У ёй бралі ўдзел блізу 500 чалавек. Дэманстранты пад нацыянальнымі і еўрапейскімі сцягамі прайшлі да плошчы Незалежнасці, скандуючы лозунгі «Жыве Беларусь», «Лукашэнка, сыходзь», «Байкот».
22:00 Акцыя скончылася. Удзельнікі паступова разыходзяцца. Нікога з іх не затрымліваюць.
21:45 Многія ўдзельнікі праводзяць паралелі з 2010 годам, калі дэманстранты таксама прайшлі па праспекце Незалежнасці. Зараз яны знаходзяцца там жа, дзе пяць гадоў таму адбыўся брутальны разгон дэманстрацыі. «Мы вярнулі сабе нашу Плошчу», — кажуць людзі.
21:39 З Чырвонага касцёла выйшаў правакатар з расейскім сцягам, аднак потым ён уцёк.
21:32 Удзельнікі акцыі правялі малітву за Беларусь каля Чырвонага касцёла. Пасля гэтага яны выканалі гімн «Магутны Божа».
21:31 «З намі Бог і мы пераможам», — сказаў лідар прадпрымальнікаў Алесь Макаеў.
21:30 «Тыран! Беларусы скасоўваюць з табой кантракт!» — такі транспарант трымаў у руках адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту.
21:27 Дэманстранты дайшлі да Чырвонага касцёла. Людзі скандуюць «Верым, можам, пераможам».
21:25 Калона працягвае рух да плошчы Незалежнасці. У шэсці, паводле звестак журналістаў, бяруць удзел ад 300 да 500 чалавек. Актывісты падкрэсліваюць, што арганізатараў у акцыі няма, яна носіць спантанны характар.
21:21 Людзі абыходзяць кардон, ім не перашкаджаюць.
21:20 Супрацоўнікі спецслужбаў і міліцыя перакрылі шлях калоне ля гатэля «Менск». Іх каля 20-30 чалавек.
21:15 «Пора менять лысую резину», — скандуе калона папулярны лозунг каманды Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года.
21:10 Калона пад бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» праходзіць каля ўніверсама «Цэнтральны». Удзельнікі акцыі запрашаюць далучыцца да шэсця мінакоў. Шмат хто так і робіць, таму колькасць дэманстрантаў расце.
21:05 Удзельнікі акцыі пратэсту пачалі рух па ходніках праспекта Незалежнасці ў бок Дома ўрада. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь», некаторыя паляць фаеры.
21:04 «У Менску праходзіць маральная акцыя», — заявіў дырэктар беларускай службы «Радыё Свабода» у студыі радыёстанцыі.
21:00 «Мы мірна пратэстуем супраць фальсіфікацыі «выбараў». Гэта права належыць нам паводле Канстытуцыі», — сказала праваабаронца Марыя Касьян.
20:50 Кіроўцы якія праязджаюць міма аўтамабіляў падтрымліваюць тых, хто сабраўся сігналамі аўтамабіляў.
20:45 Выступае лідар прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. «Мы павінны змагацца за тое, каб у нашай краіне людзі не сядзелі ў турмах за свае перакананні. Мы павінны быць салідарныя, — сказаў ён. — Мы маем права на мірны пратэст. Нас будзе больш, страх перад рэпрэсіям сыдзе».
20:41 У эфіры «Радыё Свабода» Мікалай Статкевіч заклікаў нібыта незалежных палітолагаў і журналістаў адказаць, навошта яны падтрымалі праект Лукашэнкі пад назвай «выбары». «Вы абавязаныя адказаць за гэта. Вы несяце адказнасць за той падман, што сёння адбыўся», — сказаў Статкевіч.
20:40 Супрацоўнікі спецслужбаў здымаюць на відэа ўдзельнікаў акцыі, але не перашкаджаюць яе правядзенню.
20:30 Людзей стала больш. Сярод удзельнікаў — моладзевы лідэр Зміцер Дашкевіч. «Людзі, якія хочуць жыць у лепшай краіне, выходзяць на плошчу і патрабуюць пераменаў. Трэба разумець, што сотні тысяч сядзяць ля экранаў тэлевізараў і падтрымліваюць іх», — сказаў Зміцер Дашкевіч.
20:29 Людзі скандуюць «Лукашэнка, сыходзь!».
20:27 «Не веру, што на «выбары» прыйшлі 50% людзей. Я быў на двух выбарчых участках і бачыў рэальны прыход», — сказаў граф Прушынскі, які прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу.
20:21 У многіх удзельнікаў на вопратцы — налепкі «Байкот».
20:19 «Гэта мой сцяг. Я пад ім нарадзіўся і мяркую, што трэба стаяць пад нашым сцягам», — сказаў малады чалавек Сяргей, які выйшаў на плошчу пад бел-чырвона-белым сцягам.
20:09 Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч у эфіры «Радыё Свабода» выказаў павагу тым людзям, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу.
20:06 Супрацоўнікі міліцыі з адмысловай машыны патрабуюць пакінуць плошчу. Актывісты адказалі скандаваннем «Ганьба! Ганьба!» і свістам.
20:05 «Беларускі народ павінен мець права выказаць пратэст, — сказаў Алесь Макаеў. — Законы, якія забараняюць выказваць свае думкі, неабходна скасоўваць».
20:05 Маладыя людзі запалілі фаеры. Скандуюць «Жыве Беларусь».
20:04 «Калі Лукашэнка кажа, што «ўсё трэба рабіць паводле закона», ён павінен сысці ў адстаўку», — заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі. Ён падкрэсліў, што «выбараў у краіне не можа быць, пакуль у іх не змогуць браць удзел тыя, хто быў кінуты ў турмы або вымушаны з\’ехаць з краіны пасля Плошчы 2010 года».
20:03 Над удзельнікамі акцыі раздзімаюцца сцягі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
20:02 На плошчы — блізу 80 чалавек. Міліцыя не робіць ніякіх дзеянняў.
20:01 Сярод удзельнікаў — актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», рэжысёркаВольга Нікалайчык, лідар прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. Людзі разгарнулі транспарант «Байкот дыктатуры» і «Лукашэнка, сыходзь».
20:00 На Кастрычніцкай плошчы збіраюцца людзі.