Грамадская акцыя

Менскія ўлады дазволілі шэсце на «Дзяды»

Збор удзельнікаў – 1 лістапада аб 11:00 ля будынку Менскага гадзіннікавага заводу.

Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ атрымала дазвол Менскага гарадскога і Менскага абласнога выканаўчых камітэтаў на правядзенне 1 лістапада вулічнай акцыі, прымеркаванай да дня памяці продкаў «Дзяды». Пра гэта паведаміў намеснік старшыні партыі Юры Беленькі27 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.

З ягоных слоў, улады дазволілі правядзенне акцыі ў тым фармаце, які прапаноўвалі заяўнікі. Збор удзельнікаў акцыі будзе праходзіць з 11.00 да 11.30 на пляцоўцы перад будынкам ТАА «Мінскі гадзіннікавы завод». З 11.30 да 14.30 адбудзецца дэманстрацыя па ходніках па маршруце: пр. Незалежнасці – вул. Каліноўскага – вул. Сівых – вул. Карбышава – вул. Гамарніка – вул. Мірашнічэнкі – Менская кальцавая аўтамабільная дарога (падземны пераход пад МКАД да ўрочышча Курапаты). З 14.30 да 17.00 на тэрыторыі ўрочышча, дзе праходзілі масавыя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій, запланаванае правядзенне мітынгу. Заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі – да пяці тысяч чалавек.

Беленькі паведаміў, што ў распараджэнні, падпісаным старшынём Менаблвыканкама Сямёнам Шапірам, утрымліваецца патрабаванне падчас мітынгу «забяспечыць ахову грамадскага парадку, медыцынскае абслугоўванне, супрацьпажарную бяспеку, належны санітарны стан месца правядзення мерапрыемства», уклаўшы адпаведныя дамовы. Беленькі ўважае гэтае патрабаванне за неправамернае як з заканадаўчага, так і з маральнага пункту гледжання.

Прынамсі, ён паведаміў, што ў мінулым годзе яго аштрафавалі за тое, што не аплаціў паслугі міліцыі, якая забяспечвала парадак на мерапрыемстве. Пры гэтым, з ягоных слоў, на судзе высветлілася, што з БРСМ грошы пры правядзенні іх мерапрыемстваў улады не бяруць. Такім чынам, мяркуе палітык, улады парушаюць артыкул 190 Крымінальнага кодэкса (парушэнне раўнапраўя грамадзян). Акрамя таго, на думку Беленькага, дзеянне абласных уладаў падпадае пад артыкул 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), бо пастанова аб неабходнасці аплаты паслуг павінна было прымацца калегіяльным органам, а не зацвярджацца распараджэннем старшыні.

Беленькі адзначыў, што заяўнікі акцыі звернуцца ў аблвыканкам, каб іх вызвалілі ад аплаты паслуг дзяржаўных службаў. Калі гэтага не адбудзецца, палітык мае намер звярнуцца ў пракуратуру.