Палітыка

Мэркэль, Алянд і Парашэнка заклікалі Пуціна вызваліць Надзею Саўчанку

Таксама ў ходзе тэлефоннай размовы чатырох кіраўнікоў у «нармандзкім фармаце» Парашэнка адзначыў неабходнасьць вызваленьня ўсіх закладнікаў, якія незаконна ўтрымліваюцца на тэрыторыі Данецкай, Луганскай абласьцей і ў Расеі, паведаміла прэсавая служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

Суразмоўцы падтрымалі ўкраінскую прапанову разьмясьціць назіральнікаў АБСЭ на ўсіх кропках парушэньня рэжыму спыненьня агню, у прыватнасьці, пачаць з 10 такіх кропак: Шчасьце, Папасная, Станіца Луганская, Крымскае, Аўдзееўка, Валнаваха, Гранітнае, Луганск, Шырокіна, раён Данецкага аэрапорта.

Акрамя таго, бакі падкрэсьлілі неабходнасьць гарантаваць бясьпеку і належны рэжым працы інспэктараў АБСЭ, уключаючы бесьперашкодныя праверкі ў месцах дысьлякацыі адведзенай тэхнікі.

Суразмоўцы таксама дамовіліся аб неабходнасьці публікацыі штодзённай справаздачы АБСЭ аб парушэньні рэжыму спыненьня агню, якая павінна накіроўвацца ўсім МЗС краін «нармандзкага фармату».

Сярод іншых пытаньняў суразмоўцы абмеркавалі праблему дастаўкі украінскай і міжнароднай гуманітарнай дапамогі ў Данбас і энэргетычныя пытаньні, гаворыцца ў паведамленьні.

Суразмоўцы дамовіліся аб правядзеньні ў пятніцу кансультацыяў на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных спраў, дзе таксама будзе абмяркоўвацца пытаньне міратворцаў.

У прэсавай службе прэзыдэнта Францыі, са свайго боку, пра гэтую размову паведамілі, што чатыры кіраўнікі абмеркавалі стан выкананьня комплексу мерапрыемстваў, прынятых у Менску 12 лютага, і канстатавалі: ёсьць пэўны прагрэс, але становішча павінна быць палепшана.

Суразмоўцы пагадзіліся прасіць АБСЭ пра больш непасрэдную ролю ў паляпшэньні стану выкананьня пагадненьня аб спыненьні агню і адводзе цяжкіх узбраеньняў і аб прадстаўленьні штодзённых справаздач пра гэта.

А ў палягчэньні вызваленьня ўтрыманых асоб і дастаўкі гуманітарнай дапамогі павінен прыняць удзел Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, лічаць чацьвёра кіраўнікоў.

Прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў чатырох краін павінны сустрэцца ў пятніцу, каб абмеркаваць далейшы ход выкананьня менскіх дамоўленасьцей, паведамляе Элісейскі палац.

Прэсавыя службы дзьвюх іншых кіраўнікоў яшчэ не аб’яўлялі пра гэтую размову.

Радыё Свабода