Мэркель: Ніхто ня мае права блякаваць абранага шляху ўсходніх суседзяў ЭЗ
Перад ад’ездам у Рыгу на саміт «Усходняга партнэрства» канцлер Нямеччыны выступіла ў бундэстагу, дзе, у прыватнасьці, заявіла: «Калі нашы ўсходнія суседзі хочуць зблізіцца з каштоўнасьцямі Эўрапейскага зьвязу, гэта іх сувэрэннае рашэньне… Ніхто ня мае права блякаваць абранага імі самімі шляху», — сказала яна. Яе словы падае агенцтва УНІАН.
Мэркель адзначыла, што з-за незаконнай анэксіі Крыму Расеяй і канфлікту ў Данбасе праграма «Ўсходняга партнэрства» «важнейшая, чым калі-небудзь».
«У XXI стагодзьдзі мы не прымаем мысьленьне ў катэгорыях сфэраў уплыву; гэта таксама тычыцца сытуацыі ва Ўкраіне», — сказала яна, адзначыўшы, што супрацоўніцтва ЭЗ з усходнімі суседзямі не накіраванае супраць іншых дзяржаў, асабліва супраць Расеі.
Канцлер таксама адзначыла, што краіны, якія супрацоўнічаюць з ЭЗ, не павінны адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Расеяй, і запэўніла, што гатовая да дыялёгу з Масквой у кантэксьце праблемаў, зьвязаных з рэалізацыяй пагадненьня аб асацыяцыі з Украінай, Грузіяй і Малдовай.
Разам з тым Мэркель адзначыла, што праграма «Ўсходняга партнэрства» «не зьяўляецца інструмэнтам палітыкі пашырэньня ЭЗ».
«Нам нельга абуджаць ілжывыя надзеі, якія мы ня зможам выканаць», — сказала нямецкая канцлерка, заўважыўшы, што Бэрлін кажа гэта прамым тэкстам сваім партнэрам з усходу.