ГомельЗОНАПалітвязні

Месяц суда па “справе Статкевіча”. Што вядома пра суддзю, які судзіць адразу шэсць палітвязняў?

У будынку гомельскага СІЗА ўжо месяц у закрытым рэжыме праходзіць суд над шасцю палітвязнямі: Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Усе палітвязні былі затрыманыя яшчэ да выбараў. Інфармацыя пра тое, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме, з’явілася на сайце Вярхоўнага суда за тыдзень да пачатку разгляду крымінальнай справы. Акрамя гэтага, у электронным раскладзе было пазначана і прозвішча суддзі, які вынесе прысуд шасці палітвязням, – суддзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў. “Вясна” распавядае ўсё, што вядома з адкрытых крыніц пра суддзю па “справе Ціханоўскага”.

У складзе калегіі праводзіць атэстацыю гомельскіх суддзяў

Рэзанансную крымінальную справу супраць палітзняволеных блогераў і палітыкаў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова разглядае суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Мікалаевіч Бакуноў. Ён уваходзіць у судовую калегію па крымінальных судах.

На сайце Верхноўнага суда пазначана, што ён з’яўляецца намеснікам старшыні кваліфікацыйнай калегіі. У яе паўнамоцтва ўваходзіць правядзенне атэстацыі і ажыццяўленне дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да суддзяў Гомельскага абласнога суда, эканамічнага суда Гомельскай вобласці, старшыняў, намеснікаў старшыняў і суддзяў раённых судоў Гомельскай вобласці і іншыя паўнамоцтвы.

Тэрмін прызначэння ў абласным судзе заканчваецца 15 лістапада гэтага года

Па размешчаных у інтэрнэце Указах прэзідэнта вядома, што Мікалай Бакуноў у пачатку сваёй кар’еры займаў пасаду суддзі Жлобінскага раённага суда. Ён прапрацаваў там з 2008 па 2013 год. У Жлобіне Бакуноў вынес сваё першае “палітычнае” рашэнне па арт. 24.23 КаАП (цяпер – 23.24 КаАП). Затым яго перавялі ў абласны горад – тры гады ён займаў пасаду суддзі Чыгуначнага суда Гомеля. Там ён працягнуў выносіць “палітычныя” рашэнні па адміністрацыйных справах супраць мясцовых журналістаў і актывістаў. Праз тры гады працы ў раённым судзе Гомеля Указам прэзідэнта №419 ён быў прызначаны суддзёй Гомельскага абласнога суда. Што характэрна, пяцігадовы тэрмін прызначэння Бакунова заканчваецца 15 лістапада гэтага года –  менш чым праз праз чатыры месяцы.

Першае “палітычнае” рашэнне Бакуноў вынес у Жлобіне 10 гадоў таму

Паводле дадзеных “Вясны”, 31 кастрычніка 2011 года тады яшчэ жлобінскі суддзя Бакуноў арыштаваў на 14 сутак па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства) старшыні аргкамітэту правядзення народнага сходу, кіраўніка мясцовай арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Валерыя Рыбчанкі.

Бакуноў асудзіў актывіста за правядзенне 8 кастрычніка без адпаведнага дазволу сходу ў Жлобіне. Хоць Рыбчанка прадставіў пратаколы паседжання аргкамітэта, з якіх відаць, што сход у Жлобіне праводзіўся ў рамках Закона аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.

У выніку, Бакуноў арыштаваў партыйца на 14 сутак.

Якія “палітычныя” справы супраць журналістаў і актывістаў разглядаў Бакуноў у Гомелі?

2 красавіка 2015 года Мікалай Бакуноў, будучы суддзёй Чыгуначнага суду Гомеля, аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (5,4 мільёна рублёў) па ч. 2 арт. 22. 9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.

У адміністрацыйным пратаколе, які разглядаў суд, пазначалася, што Жукоўскі “5 лютага на тэрыторыі сярэдняй школы № 12 ажыццявіў незаконнае інтэрв’юіраванне супрацоўнікаў установы адукацыі, не маючы акрэдытацыі ў МЗС як замежны журналіст”. На сайце тэлеканала “Белсат” 6 лютага выйшаў матэрыял пра тое, як у Гомелі за смерць трохмесячнай дзяўчынкі былі пакараныя педагогі школы № 12 і работнікі дзіцячай паліклінікі.

Гаворка ідзе аб рэзананснай гісторыі: у абласным цэнтры знайшлі забальзамаванае цела трохмесячнай дзяўчынкі, якое амаль восем месяцаў праляжала ў зачыненай кватэры. Былі затрыманыя абвінавачаныя ў забойстве-маці дзяўчынкі і яе сужыцель. Пакаранне панеслі кіраўніцтва і педагогі школы і супрацоўнікі дзіцячай паліклінікі, размешчаных у дадзеным мікрараёне. Таксама пакаранне панёс і журналіст, які асвятліў гэтую сітуацыю.


27 верасня 2016 года ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Бакуноў разгледзеў адміністрацыйную справу супраць актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых.

Ён быў затрыманы 12 верасня, калі збіраўся ехаць у Мінск для ўдзелу ў акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў. Апазіцыянера абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы (арт. 17. 1 КаАП) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Сваю віну Няпомняшчых не прызнаў.

“Я збіраўся ў Мінск, і толькі выйшаў з тралейбуса каля чыгуначнага вакзала, як мяне схапілі супрацоўнікі АМАПа, нічога не тлумачачы, закінулі ў аўтамабіль і адвезлі ў Чыгуначны РАУС. Потым у матэрыялах справы яны напісалі, што я нібыта лаяўся матам, размахваў рукамі, на заўвагі не рэагаваў, спрабаваў ад іх уцячы. Я, стары дзед з велізарным заплечнікам 10-15 кг, спрабаваў уцячы ад бугаёў з укормленымі рожамі?” — распавёў тады Няпомняшчых.

Але Бакуноў усё роўна аштрафаваў актывіста трыма базавымі велічынямі. Пры гэтым, Няпомняшчых пракаментаваў тады гэтае рашэнне так:

“Разам з тым я лічу, што суддзя паступіў па сумленні. Думаю, ён выдатна разумее, што я не вінаваты, і даў мне мінімальнае пакаранне. Так, ён паступіў дрэнна, але мог бы даць і 50 базавых, і арышт, так што і на гэтым дзякуй”, — заявіў актывіст АГП.

Адмяніў штраф журналісту «Белсата». Чым Бакуноў вядомы як суддзя Гомельскага абласнога суда?

Практычна ўсе вядомыя “Вясне” пастановы ў дачыненні да журналістаў і актывістаў, якіх іх судзілі на суткі і штрафы, Мікалай Бакуноў пакідаў без зменаў. Аднак вядома, як ён адмяніў штраф у 25 базавых журналісту-фрылансеру, які супрацоўнічаў з “Белсатам”. Праўда, раней ён асудзіў гэтага ж журналіста на штраф большы на пяць базавых.

Так, 2 лістапада 2017 года Мікалай Бакуноў, будучы суддзёй Гомельскага абласнога суда, скасаваў пастанову суда Жлобінскага раёна аб адміністрацыйным спагнанні ў выглядзе штрафу ў дачыненні да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Яго абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), якое выяўлялася ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі ў МЗС беларусі ў якасці замежнага карэспандэнта. Міліцыя склала пратакол, а суд, разгледзеўшы яго, падвергнуў журналіста штрафам у памеры 25 базавых велічыняў.


24 траўня 2017 года суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Бакуноў не задаволіў скаргу сябра незалежнага прафзвязу РЭП Віктара Казлова, які ў жыцці размаўляе шэптам, на пакаранне адміністрацыйным штрафам за гучную лаянку і непадпарадкаванне мііцыі.

Віктара Казлова затрымалі 25 сакавіка ў вёсцы Церашковічы, калі ён адпраўляўся ў Гомель, каб удзельнічаць у “Маршы недармаедаў-2”. 13 красавіка суддзя Гомельскага раёна пакарала актывіста штрафам 69 рублёў за “гучную лаянку” і непадпарадкаванне міліцыі. Падчас паседжання суддзя абласнога суду Мікалай Бакуноў спытаў прафсаюзнага актывіста, чаму супраць яго сведчылі супрацоўнікі міліцыі.

“Яны былі зацікаўлены ізаляваць мяне да акцыі пратэсту. Таму ў судзе я і назваў іх ілжэсведкамі”, — сказаў Віктар Казлоў.

У выніку, суддзя Мікалай Бакуноў адхіліў скаргу Казлова на пастанову суда Гомельскага раёна ад 13 красавіка.


Таксама Бакуноў у 2017 годзе пакінуў у сіле пастанову аб васьмісутачным арышце гомельскага актывіста Андрэя Толчына. Напярэдадні шырока анансаванай “недармаедскай” пратэстнай акцыі гомельскія ўлады ізалявалі найбольш актыўных удзельнікаў. Андрэя Толчына абвінавацілі ў закліках у сетцы Facebook да ўдзелу ў несанкцыянаваным вулічным шэсці, прызначаным на 25 сакавіка ў Дзень Волі.

Суддзя Савецкага раёна Гомеля Аляксандр Махараў палічыў, што фрылансер не мае права пісаць на асабістай старонцы ў сацсетцы аб масавым мерапрыемстве, якое мусіць адбыцца, і адправіў яго на 8 сутак у ІЧУ за краты. Абласны суддзя Мікалай Бакуноў пакінуў пастанову аб васьмісутачным арышце ў сіле.

І так дзясяткі “палітычных” адміністрацыйных пастаноў на Гомельшчыне.

spring96.org