Навіны

Мікалай Дзядок: У турме чалавек з моцнай воляй толькі ўмацуецца ў сваіх перакананнях

Былы палітвязень Мікалай Дзядзок адказвае на пытанні сайту palitviazni.info.

Справу “зляпілі”

– Крымінальная справа, арышт, ізалятар… Мікалай, як гэта ўсё успрымалася пяць гадоў таму, як пераносілася?

– Што да арышта, то гэта, натуральна, быў шок. Як бы ты не рыхтаваўся да такой падзеі, а яна ўсё роўна станецца нечаканай. Уражвала абсурднасць абвінавачанняў і тое, што, нягледзячы на адсутнасць усялякіх рэчавых доказаў ці сведкаў, мяне працягвалі трымаць за кратамі.

Я не меў ілюзій наконт нашай судовай сістэмы, але не чакаў такога цынізму. Крымінальную справу “зляпілі” з нічога, не чакаў такой пагарды да нормаў закону.

– Што было найскладанейшым у першыя часы знаходжання за кратамі?

– Я не даю адказ на гэтае пытанне, бо не хачу, каб карнікі ведалі, на што трэба ціснуць палітвязням, каб ім было «найскладаней».

– Увогуле, як мясцовы кантынгент у няволі ставіўся да “палітычных”?

– Прыкладаў адназначна адмоўнага стаўлення, акрамя зэкаў, якія ледзь не ў адкрытую працуюць на адміністрацыю, не прыпомню. Часта сустракалася спачуванне, бо ў людзей ў галовах закладзена, што пайсці супраць улады – гэта нават больш цяжкае злачынства, чым забойства. Таму паглядалі на нас з павагай уперамешку са здіўленнем. Але ў цэлым стаўленне было ў межах ад вельмі станоўчага да нейтральнага.

– Як сёння вам успамінаецца судІ наколькі нечаканым быў прысуд?

– Суд успрымаецца, як спектакль, разыграны для таго, каб зрабіць бачнасць «законнасці». Думаю, усе тэрміны заключэння нам былі перадвырашаныя КДБ яшчэ на першым этапе следства. Яшчэ ў ізалятары часовага ўтрымання, калі са мной працавалі аператыўнікі КДБ, адзін з іх сказаў так: «Ну атрымаеш 4-4,5 гады, а гэтыя «экстрэмалы» (ён меў на ўвазе Дубоўскага і Аліневіча) – па 7-8 гадоў». Як бачыце, прадказанні збыліся амаль стопрацэнтна. За выключэннем таго, што Дубоўскага яны так і не знайшлі. Звяртаю ўвагу — гэта было сказана нават не да прызнання нас вінаватымі, а ў той час, калі супраць нас не было і афіцыйнага абвінавачвання.

 

Змрочнае месца

– Горацкая калонія, напэўна, таксама застанецца ў вашай памяці. Што гэта за месца?

— Месца даволі змрочнае. Калгасна-саўковы менталітэт адміністрацыі накладваецца на тое, што абсалютная большасць зэкаў – забітыя да рабскага становішча. Усё гэта стварае сваесаблівую атмасферу, у якой чалавеку, які прызвычаіўся быць актыўным і незалежным, вельмі цяжка. Адміністрацыя не ідзе на дыялог, размаўляе са зняволенымі выключна мовай прымусу, бярэ, як кажуць, нахрапам. На маёй памяці хлопцу далі 6 месяцаў ПКТ толькі за тое, што той на павышаных тонах паразмаўляў з зампалітам. Начальнік калоніі можа зэка аблаяць матам – гэта ледзь не ў парадку рэчаў.

Каб палегчыць сабе жыццё, адміністрацыя большасць кантролю над зэкамі перакладвае на так званых «блатных», якім дадзены паўнамоцтвы на ўжыванне фізічнай сілы супраць “непакорлівых”. Напрыклад, у адносінах ды тых, хто піша скаргі. Выпісваць незалежную прэсу многія таксама баяцца, бо гэта адразу прыцягвае ўвагу з боку аператыўнікаў. Баяцца пісаць скаргі нават па сваёй справе, не кажучы ўжо пра ўмовы ўтрымання.

– Дарэчы, што датычыцца ўмоваў утрымання…

– Я бачыў, што рэжым станавіўся больш жорсткім ледзь не з кожным месяцам. То забароняць «пазастатутныя” ручнікі, то рэчы ў тумбачцы «строго по описи», то пачынаецца барацьба з «головными уборами неустановленного образца»… Адным словам, рабілася ўсё, каб ускладніць зняволенаму жыццё, пераўтварыць апошняе ў сапраўднае «адбыццё пакарання».

– Ці можна было паскардзіцца на ўмовы ўтрымання?

– Cкаргі адтуль не выходзяць увогуле. Не трапляюць ні ў Дэпартамент выканання пакарання МУС, ні ў пракуратуру. Адміністрацыя пры гэтым робіць выгляд, што нічога не адбылося, і талдычыць: «У нас все по закону»…

Што датычыцца стаўлення да “палітычных”, то да гэтай катэгорыі людзей яно больш пільнае і жорсткае. Да мяне там былі Дашкевіч і Парфянкоў, з усімі была адна і тая ж самая гісторыя, што і са мной. З першых хвілінаў у калоніі трапляеш у вір «аператыўнай распрацоўкі». Цябе атачаюць стукачамі, інфарматарамі, якія дакладваюць аб кожным тваім кроку аператыўнікам. Людзі, з якімі ты кантактуеш і п’еш гарбату, адпраўляюцца у ШІЗА, каб ні ў каго не было ахвоты з табой гутарыць і сябраваць. Перапіска праходзіць больш пільную цэнзуру – не менш за тры стадыі кантролю (цэнзар, аператыўнік, начальнік атраду). Перыядычна начальнік атраду ды аператыўнік выклікалі на размовы. І традыцыйна (раз у 1-2 месяцы) на тумбачцы раптоўна знаходзяўся пыл ці раптоўна выяўлялася, што ты не пагаліўся. А гэта – 10 сутак у ШІЗА. Гэта рабілася, каб дакласці куратарам са спецслужбаў, што з асуджаным «проводится профилактическая работа». Праўда, са мной было яшчэ прасцей. Я патрабаваў годны заробак на працы і адмаўляўся працаваць бясплатна, таму ім не прыйшлося чакаць 2 месяца, каб мяне закрыць «пад дах».

 

“Выхад быў адзін – парэзаць вены…”

– Многія палітзняволеныя распавядалі, што штрафны ізалятар – гэта самае сапраўднае пекла…

– Штрафны ізалятар – гэта вельмі маленькая камера (прыкладна 1,8х2 метра), у якой асуджаны адбывае пакаранне за «парушэнні» ў калоніі. Бывае, што ў ШІЗА і па 6-8 чалавек сядзіць, тады камеры большыя. Там ёсць прыбіральня, кранік з вадой, табурэтка, прывінчаная да полу. На сцяне – драўляная нара, якая на ноч адшпільваецца “вертухаем” з калідору. Фармальна пасадзіць у ШІЗА можна за любое парушэнне – хоць за незашпілены гузік альбо за тое, што ў тапках выйшаў за межы атрада.

У ШІЗА нельга браць з сабой нічога – ні кніг, ні паперу з асадкай, ні журналы ці газеты. Толькі туалетныя прыналежнасці. Калі 10 сутак яшчэ можна вытрымаць на сваіх думках, то з большым тэрмінам звычайна пачынаюцца складанасці, асабліва ў экстравертаў, якія прызвычаіліся да гутарак, ды для тых, хто не ўмее сам сябе заняць.

– Што самае цяжкае ў ШІЗА?

– Холад і немагчымасць нармальна спаць. Спяць там звычайна на драўлянай падлозе (бо яна побач з батарэяй), і кожныя 20-30 хвілін (а то і часцей) прачынаешся ад холаду. Даводзіцца ўставаць, адціскацца ці прысядаць, пакуль не сагрэешся. А потым ізноў засыпаеш. На тыя ж 20 хвілін. І так усю ноч. А днём спаць забаронена – можна атрымаць яшчэ 10 сутак, не выходзячы нават з ШІЗА. Вось такое замкнёнае кола.

– Як вырашылі пайсці на такі крок, што парэзалі сабе вены?

– Мяне пасадзілі ў настолькі халодную камеру, што я зразумеў – калі застануся там на 10 сутак, то пакіну ўсё сваё здароў’е. Прыйшлося пайсці на рашучы крок, бо мае просьбы перавесці мяне ў іншую камеру адміністрацыя ігнаравала.

 

Ты – не адзін

– Лісты, падтрымка з волі. Як гэта дапамагала?

– Дапамагала неверагодна! Зараз, на волі, я разумею, што да мяне не дайшлі дзесяткі, а можа і сотні лістоў. Але калі знаходзішся ў няволі, вельмі важна ведаць, што ты сядзіш за праўду, за нешта высокае і светлае. А не за тое, што якую-небудзь “мабілу” скраў. Калі ведаеш, што за тваёй спіной на волі мноства людзей адных з табой перакананняў, што ты, як бы банальна не гучала, не адзін — гэта вельмі дапамагае.

А яшчэ дапамагала самое разуменне таго, што я належу да нейкай вялізарнай сусветнай супольнасці, якая сыходзіць сваімі каранямі ў глыбіню стагоддзяў. Анархізм — гэта ідэя, за якую аддалі свае жыцці сотні тысяч чалавек. І мне не было сорамна быць адным з тых, хто за гэтую ідэю пакутуе. Акцыі ў маю падтрымку праводзілі паплечнікі з розных краін свету, і гэта натхняла немаверна, калі бачыў, што некаму за тысячы кіламетраў адсюль ёсць справа да цябе і тваіх праблемаў.

– У вольны час чым спрабавалі сябе заняць?

– Большасць часу займала чытанне. Прачытаў вельмі шмат кніг, таксама выпісваў прэсу. Многа часу займалі адказы на лісты. Таксама стараўся кожны дзень займацца спортам ці ёгай. Карацей, рабіў усе, каб не сядзець без справы і праводзіць час з карысцю, а не марнаваць яго на пустое.

 

Турма выхоўвае

– Вызваленне, напэўна, было для вас нечаканасцю?

– У самы звычайны турэмны дзень у камеру ПКТ зайшлі 2 афіцэры і сказалі, каб збіраўся з рэчамі. Куды? Навошта? Нічога не адказвалі… Адвялі мяне на КП, там ужо стаялі мае рэчы з атраду. Там і аб’явілі, што вызваляюць. Дадалі, што нават не ведаюць, на падставе чаго. Потым праверылі маю асобу і вывелі за вароты. Там мяне ўжо чакалі трое ў цывільным. Яны пасадзілі мяне ў машыну (таксама адмаўляліся размаўляць), адвязлі на вакзал у Оршу, давялі да цягніка, далі квіток, пасадзілі ў вагон. І – дадому!

– Сёння можаце сказаць, што вам дала турма, калі наогул хоць што-небудзь дала?

– Турма дала мне вельмі шмат. Першае — гэта вера ў салідарнасць. Я на сваім прыкладзе ўбачыў, як салідарнасць і ўзаемадапамога могуць разбіць турэмныя муры. Па-другое, я стаў больш строга ставіцца да сябе, да сваіх недахопаў і паводзінаў. Турма вучыць адказваць за свае словы і паступкі, бо гэта тое месца, дзе адно неасцярожнае слова можа зламаць усё жыццё. У гэтым плане, бадай, турма выхоўвае.

– Ці можа турма перавыхаваць чалавека?

– Не думаю, што гэта – тое месца, дзе са злачынцаў робяць законапаслухмяных людзей. Мэта ў калоніі адна – зламаць волю. Але, калі воля чалавека мацнейшая за турэмны рэжым, то чалавек толькі ўмацуецца ў сваіх перакананнях. А калі слабейшая, то што можа даць грамадству чалавек са зламанай воляй? Гэта чалавек без маральных прынцыпаў, які кіруецца аднымі толькі нізкімі інстынктамі. Такіх людзей у калоніі вельмі шмат. У некаторых месцах – нават большасць. Механізм вынішчэння з грамадства найбольш актыўных з дапамогай турэмнай сістэмы вычарпальна апісаў Ігар Аліневіч у сваёй кнізе «Еду ў Магадан».

Асаблівасць турмаў і калоній ў тым, што яны чалавека са стрыжнем робяць яшчэ больш моцным, а чалавека так бы мовіць «падгніўшага», у якім ёсць зерне подласці, здрадніцтва, хлусні, робяць канчаткова гнілым.

Сапраўднай выхаваўчай работы з зэкамі не вядзецца. Усё пабудавана на запалохванні і прыніжэннях. Усё «выхаванне» – фармальнае і выключна для галачкі. Нейкія там перыядычныя лекцыі ці бяседы не ўспрымае ўсур’ёз ніхто — ні зэкі, ні тыя ж афіцэры, што іх праводзяць. Праца вядзецца толькі ў аператыўным (высочванне незадаволенных і надта актыўных) і рэжымным (строгае адпавяданне бесчалавечным правілам) накірунках.

 

Што далей?

 Як сустрэла вас воляШто за гэты час ужо паспелі зрабіць?

– Вельмі цёпла сустрэлі родныя і паплечнікі. Праваабаронцы таксама не пакінулі без увагі. Галоўнае, што паспеў зрабіць – узнавіўся у ЕГУ. Таксама праходжу зараз медыцынскія абследванні, папраўляю здароў’е.

– Ці змянілася нешта ў краіне за той час, пакуль былі за кратамі?

– Вельмі змяніўся Мінск. Стала болей шматпавярховых дамоў, нейкіх бізнес-цэнтраў…. Бачу, што стары горад скалечылі канчаткова. На вуліцах стала больш відэакамераў. Глядзіш у вочы людзей — усе нейкія запалоханыя, прыбітыя. Агульная атмасфера прыгнёту — такое суб’ектыўнае адчуванне.

– Вызваленне палітвязняў стала перадумовай таго, што Еўропа прыпыніла дзеянне санкцый у адносінах да беларускіх чыноўнікаў. Як ацэньваеце гэты крок?

– Як частку геапалітычнай гульні паміж ЗША\\ЕС і Расеяй. Беларуская ўлада заняла вельмі зручную пазіцыю, калі ва ўмовах канфлікту паміж Захадам і Ўсходам можа, як кажуць, «даіць» усе бакі канфлікту. А лаяльнасць абяцаць таксама – і тым, і тым. Але, мяркую, гэты перыяд пацяплення ці нейкай псеўдалібаралізацыі не будзе працяглым. Ён працягнецца роўна да таго моманту, калі не з’явіцца масавы рух ці палітычнай група, якая пачне прадстаўляць пагрозу рэжыму. Тады зноў пачнецца па адпрацаванай схеме: арышты, рэпрэсіі, суды… Усім беларусам, якія змагаюцца за перамены ў краіне, трэба быць гатовымі да гэтага і не разлічваць на лёгкую перамогу.

 

Асабістая справа

Мікалай ДЗЯДОК. Нарадзіўся 23 жніўня 1988 году ў Брагіне. Скончыў юрыдычны каледж БДУ. Паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на аддзяленне паліталогіі, вучыўся завочна. Працаваў у калектарскай фірме. Сябра руху беларускіх анархістаў.

Быў затрыманы 3 верасня 2010 году ў якасці падазронага па справе «Аб нападзе на амбасаду Расійскай Фэдэрацыі», але справа рассыпалася, і Мікалая абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ля будынка Генэральнага штабу. Яму было выстаўлена абвінавачанне па артыкуле 339, частцы 2 Крымінальнага кодэксу — хуліганства. 27 мая 2011 году Заводскі суд Мінска асудзіў Дзядка на 4 з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пачаў адбываць пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15. За кратамі ажаніўся. У кастрычніку 2011 году Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт прызналі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча палітычнымі зняволенымі.

26 лютага 2015 года у Магілёўскай турме (за колькі дзён да заканчэння асноўнага тэрміна 3 сакавіка) адбыўся суд за нібыта “парушэнні рэжыму адбыцця пакарання па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу РБ”, які пакараў Мікалая Дзядка яшчэ 1 годам зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у сіле.

22 жніўня 2015 года ў ліку шасці паітвязняў вызвалены па рашэнні кіраўніка краіны.

palitviazni.info