Актуальна

Мікалай Стакевіч: Прасіць абароны ад злачынцаў у тых, хто іх накіроўвае, сэнсу няма.

5 снежня я пісаў пра напад на жонку сябра Рады БНК ад Полаччыны Яўгена Парчынскага.

Злачынца збіў жанчыну, але быў апазнаны сведкамі. 11 снежня міліцыя ўзяла паказанні з Валянціны Пятроўны. Потым высветлілася, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па гэтаму злачынству адмоўлена …9 снежня, за два дні да апытання пацярпелай. А сёння стала вядома, што нападнік не будзе прыцягнуты нават да адміністрацыйнай адказнасці.

Хто ведае падрабязнасці зняволення праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якога ягоныя калегі ніяк не прызнаюць палітвязнем, той можа параўнаць яго справу з гэтай.

У гісторыях ужо двух за некалькі месяцаў нападаў на блізкіх новаполацкіх актывістаў ёсць пэўная заканамернасць. Рэжым, вымушаны імітаваць перад Захадам “лібералізацыю”, не можа сажаць у турмы ці арганізоўваць напады непасрэдна на грамадскіх актывістаў. Таму пачынае выкарыстоўваць бандытскія метады супраць іх родных. Ну а калі тых, хто займаецца палітычным бандытызмам, выкрываюць, то “праваахоўнікі” з пустымі вачыма робяць усё, каб іхнія памагатыя-бандыты пазбеглі нават сімвалічнай адказнасці.

Так, толькі сімвалічна быў пакараны чалавек, вінаваты ў дзіўнай аварыі, што здарылася паўтары гады таму і пасля якой мая жонка цудам засталася жывой.

Таму, калі мой 90-гадовы бацька знаходзіць у паштовай скрыні чарговы ліст з пагрозамі забойства (днямі быў яшчэ адзін), то я кажу яму, што не варта звяртацца з гэтым у міліцыю. Прасіць абароны ад злачынцаў у тых, хто іх накіроўвае, сэнсу няма.

Са старонкі Мікалая Статкевіча ў Фэйсбуку