Мікалай Статкевіч: Аўтарытарныя рэжымы вучацца адзін у аднаго
Мікалай Статкевіч падзяліўся меркаваннем пра высылку Пуціным амэрыканскіх дыпламатаў з РФ.
На сваёй старонцы ў Фэйсбуку палітык напісаў:
«Аўтарытарныя рэжымы вучацца адзін у аднаго. Так чарговы раз можна сказаць пасля таго, як, у адказ на амэрыканскія санкцыі, Крэмль скараціў колькасць супрацоўнікаў дыпламатычных місій ЗША ў два з паловай раза.
Беларусы адразу ўзгадалі, як, таксама ў адказ на санкцыі, мясцовы «глаўнюк» паменшыў колькасць амэрыканскіх дыпламатаў у нашай краіне з некалькіх дзясяткаў да сямі. І нічога – цяпер амэрыканцы нават санкцыі аднабакова скасавалі. У адказ ім дазволілі мець тут яшчэ аднаго дыпламата.
Магчыма таму і Масква выбрала аналагічны метад адказу – калі «перасідэнт» невялікай Беларусі здолеў «нахіліць» звышдзяржаву, то чаму вялікай Расеі не паспрабаваць таксама. Да таго ж, ствараецца прадмет для торгу – цяпер «правільныя паводзіны» Вашынгтона можна будзе ўзнагароджваць, павялічваючы колькасць дазволеных яму дыпламатаў у Расеі на дзясятак-другі.
Усё лагічна. Толькі я б не стаў выкарыстоўваць тэрмін «вучацца». Больш – «натхняюць» адзін аднаго, паказваюць прыклад суседзям у рэгіёне. Вось толькі заходнія дэмакратыі ніяк не навучацца простай праўдзе – калі вы становіцеся занадта памяркоўнымі да парушэнняў правоў чалавека аўтакратам адной з краін рэгіёну, то паказваеце сваю слабасць і адсутнасць прынцыпаў. Чым непазбежна захоча скарыстацца аўтакрат іншай краіны рэгіёну.
Калі ласка на граблі!»
Мікалай Статкевіч