Мікалай Статкевіч аштрафаваны на 40 базавых велічын
Суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў Мікалая Статкевіча за заклікі прыняць удзел у несанкцыянаванай „Акцыі вызвалення і салідарнасці”, якая прайшла 3 ліпеня на бульвары Талбухіна ў Менску.
Такое рашэнне 4 ліпеня агучыў суддзя Юрый Гарбатоўскі.
Статкевіч адмовіўся ўдзельнічаць у судовым працэсе. На пачатку запатрабаваў адвезці яго ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
„Я не хачу прымаць удзел у гэтым ганебным спектаклі, калі судзяць за тое, што ты хацеў ускласці кветкі да магілы салдат”, — заявіў Статкевіч.
Суддзя абвясціў перапынак, пасля якога прыняў рашэнне працягнуць пасяджэнне без абвінавачванага, паколькі той „зрывае яго”.
Статкевіч быў затрыманы 3 ліпеня каля свайго дома, калі накіроўваўся на „Акцыю вызвалення і салідарнасці”. Ноч ён правёў у ЦІП. Затрыманне палітыку патлумачылі неабходнасцю дасядзець 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у адной з восеньскіх акцый.
25 сакавіка Статкевіча ўжо змяшчалі ў ЦІП па гэтым абвінавачанні, аднак нечакана ў той жа дзень адпусцілі — пасля заканчэння ў Менску мерапрыемстваў да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Паводле belapan.by