Выбары

Мікалай Статкевіч: Буду ўдзельнічаць у пікеце па збору подпісаў за вылучэнне Мікалая Манохіна

Народная Грамада вырашыла адмовіцца ад удзелу ў “выбарах” пасля таго, як улады, груба парушыўшы Канстытуцыю, адмовілі ў рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групе. Але мы вырашылі не забараняць сябрам партыі вылучацца кандыдатамі самастойна. Толькі 5 з 27 падрыхтаваных патэнцыйных кандыдатаў вырашылі скарыстацца гэтай магчымасцю. Безумоўна, мы сочым за хадой іх кампаній.

Сёння я атрымаў ад нашага таварыша з Новаполацка Мікалая Манохіна, які вылучаецца там кандыдатам, шокавую інфармацыю. Невядомымі людзьмі ўжо двойчы выкрадаліся яго родныя. Іх білі з-заду па галаве і пасля страты прытомнасці вывозілі ў іншае месца, дзе збівалі. Былі выпадкі і слоўных пагроз сваякам з патрабаваннямі, каб Мікалай зняўся з “выбараў”. Пасля нападаў людзі настолькі напалоханы, што нават баяцца расказваць аб тым, што з імі здарылася.

Пакуль невядома, хто арганізаваў напады. Ці то мясцовыя “службы” стараюцца, ці канкурэнт Мікалая па акрузе дзейсны “дэпутат” Дзевятоўскі, пра нібыта не зусім законнае мінулае якога шмат плётак у горадзе.

Хоць партыя і вырашыла ігнараваць гэту кампанію, але ў сувязі з гэтымі нападамі мушу падтрымаць Мікалая.

У бліжэйшую нядзелю 17 ліпеня з 12.00 да 13.00 у Новаполацку каля мясцовага базара буду ўдзельнічаць у пікеце па збору подпісаў за вылучэнне Мікалая Манохіна кандыдатам. Пікет будзе каля будынка па вул. Кірава, д.3.

Запрашаю ўсіх, хто супраць бандыцкіх дзеянняў у палітыцы, прыйсці і падтрымаць Мікалая Манохіна.

Мікалай Статкевічwww.facebook.com