Выбары

Мікалай Статкевіч: Частка апазіцыі чакае, што нехта прынясе ёй дэмакратыю.

Я разумею кіраўніцтва апазіцыйных партый, якое імкнецца вылучыць як мага болей кандыдатаў на парламенцкія “выбары”.

Для партый гэта спосаб нагадаць пра сябе, прыцягнуць новых людзей, па сутнасці – выжыць. 20 гадоў без нармальных выбараў – цяжкое выпрабаванне. Як яно адбіваецца на апазіцыйных партыях відно па суадносінах колькасці кандыдатаў у дэпутаты, вылучаных партыйнымі з\’ездамі, і колькасці партыйных актывістаў, прапаваных ва ўчастковыя камісіі. Гэтыя дзве лічбы ў апазіцыйных партый блізкія, а ў большасці – амаль супадаюць. Значыць, партыі планавалі забяспечыць сваё прадстаўніцтва, ў сярэднім, толькі на 1-2 участках у кожнай з акруг, дзе вылучаюцца іхнія кандыдаты. Але ж, ў сярэднім, па краіне ў адну выбарчую акругу ўваходзяць болей за 50 выбарчых участкаў. Як астатнія ўчасткі?

Ва ўсіх разам апазіцыйных партый хапае актывістаў, каб забяспечыць поўнае прадстаўніцтва апазіцыі ва ўсіх участковых камісіях толькі ў 10-15 выбарчых акругах са 110 наяўных. Таму раней не бачыў нічога кепскага ў жаданні пашырыць партыйныя шэрагі шляхам вылучэння ў кандыдаты ледзь не паловы наяўнага партыйнага актыву.

Але гэта было раней, калі выбары дапускалі другі тур, у які пры сумленным падліку галасоў выходзілі б два самыя моцныя кандыдаты. Калі б адзін з іх быў ад апазіцыі, то для яго не было б праблемай сабраць у другім туры галасы тых выбаршчыкаў, якія ў першым туры галасавалі за яго меньш паспяховых калегаў з іншых апазіцыйных партый. Таму ўлада, каб не дапусціць такога сцэнару, мусіла шляхам грубых і відавочных для назіральнікаў фальсіфікацый забяспечыць перамогу сваім кандыдатам ўжо ў першым туры выбараў, пішучы ім болей за 50% галасоў. Такія “выбары” ніколі не прызнаваліся міжнароднай супольнасцю.

Рэжым улічыў гэты досвед і памяняў правілы. Цяпер “выбары” праводзяцца толькі ў адзін тур і перамагае на іх той кандыдат, які проста заняў першае месца. Нават калі ён апярэдзіў свайго бліжэйшага суперніка толькі на адзін голас.

На “выбарах” у кожнай са 110 акругаў будзе толькі па аднаму кандыдату ад улады. І па некалькі кандыдатаў ад апазіцыі, якія расцягнуць паміж сабой галасы дэмакратычна настроеных выбаршчыкаў. Перамога ўладных кандыдатаў робіцца мажлівай нават пры сумленным падліку галасоў.

Машына фальсіфікацый адлажана і яны ўсяроўна будуць. Але цяпер іх можна будзе рабіць ужо не так груба і заўважна. Чым больш апазіцыйных кандыдатаў у акрузе, тым лягчэй і незаўважней робяцца фальсіфікацыі, тым лепей для рэжыма. Упершыню “палата” мае шанец на міжнароднае прызнанне.

Беларускі нацыянальны кангрэс прыклаў шмат намаганняў, каб схіліць кіраўніцтва ўсіх дэмакратычных партый да фармавання адзінага спісу дэмакратычных кандыдатаў па прынцыпу – адзін кандыдат на адну акругу. Бо, калі б гэта атрымалася, то мы здолелі б сабраць вакол нашых адзіных кандыдатаў, як мінімум, галасы тых 35% выбаршчыкаў, які не баяцца прызнацца сацыёлагам у сваёй падтрымцы дэмакратыі. Гэтага хапала б для перамогі ў большасці акругаў і прымусіла б рэжым да брутальных фальсіфікацый. Не кажу пра рост аўтарытэту аб\’яднаных дэмакратычных сіл у Беларусі і свеце.

Безумоўна, чыста дуэльнай сітуацыі (па 2 кандыдаты ў кожнай акрузе) мы б не атрымалі. Рэжым запускае на “выбары” шмат смеццевых кандыдатаў ад вернападданых партый. Але ёсць Інтэрнэт, ёсць папулярныя незалежныя сайты, якія б паведамілі дэмакратычным выбаршчыкам, хто з\’яўляецца сапраўднай альтэрнатывай рэжыму ў іх акрузе.

На жаль, нам не ўдалося схіліць кіраўнікоў часткі апазіцыйных партый да гэтай простай, зразумелай і эфектыўнай стратэгіі. Матывацыя выжывання перамагла ў іх мэтазгоднасць барацьбы за свабоду.

Чамусьці частка апазіцыі чакае, што нехта прынясе ёй дэмакратыю. І тады яна, захаваўшы структуры, рэгістрацыю і маючы досвед выбараў здолее прыйсці да ўлады. Але толькі чаканнем свабоды мы можам дачакацца яшчэ горшага рэжыму. Ды й калі нават нейкая сіла прынясе краіне дэмакратыю, то яна будзе мець дастатковы аўтарытэт у грамадстве, каб выйграць першыя свабодныя выбары, каб зрабіцца цэнтрам прыцягнення прафесіяналаў і найбольш актыўнай часткі грамадства. Калі проста чакаць, то можна дачакацца для сябе толькі старасці.

Мікалай Статкевіч, Фэйсбук