Асабістая думка

Мікалай Статкевіч: Да чаго можа прывесці новая палітыка польскіх уладаў.

З нагоды планаў зменьшыць фінансаванне “Белсата” ў 3,5 разы і перавесці яго на рускую мову.

Найперш, хачу шчыра падзякаваць тыя польскія ўрады, якія на працягу 9 гадоў скіроўвалі частку сродкаў, выдзеленых ім Еўрапейскім Саюзам для незалежных СМІ, дзеля падтрымкі беларускамоўнага тэлеканала. Дзейнасць “Белсата” была неацэннай у справе ўмацавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і супрацьстаяння ідэялогіі “рускага свету”.

Рашэнне згарнуць фінансаванне адзінага беларускамоўнага патрыятычнага тэлеканала сведчыць, што некаторыя прадстаўнікі новага польскага ўрада, напалоханыя Расіяй, сваім асноўным партнерам у Беларусі абралі яе “прэзідэнта”. Выбар адбыўся коштам адмовы ад інфармацыйнай падтрымкі беларускага незалежнага грамадства.

Чамусьці аўтары новай беларускай палітыкі Польшчы лічаць дыктатара адзіным гарантам незалежнасці нашай краіны.

Дзіўная пазіцыя. Дыктатар 20 год знішчаў усё патрыятычнае і нацыянальнае ва ўладзе і сілавых структурах, свядома русіфікаваў грамадства, мэтанакіравана змагаўся супраць нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Зараз гэтае змаганне часова прыпынена, але не болей.

Так, ён зацікаўлены ў аднаасобным кантролі над краінай. Але лічыць гарантам незалежнасці таго, хто наўмысна не стварыў здольных бараніць яе структур, а завязаў захаванне дзяржаўнасці на адну сваю ўласную персону – вялікае глупства.

Гэта як тэрарыст захапіў закладнікаў, замініраваў іх, цісне пальцам на кнопку, якая блакуе ўзрывальнік бомбы, і крычыць, што калі ў яго стрэляць, то ягоны палец адпусціць кнопку і закладнікі падарвуцца. Па логіцы тых, хто бачыць у дыктатары гаранта незалежнасці Беларусі, той тэрарыст – гарант бяспекі закладнікаў.

А што, калі нехта захоча зрабіць замах на нашую незалежнасць і сапраўды стрэліць? Бо такое “гарантаванне” незалежнасці спакушае праціўнікаў нашай дзяржаўнасці менавіта да такога кроку.

Адзін чалавек не можа быць гарантам існавання цэлай краіны. Калі дыктатара прыбяруць ці запалохаюць і купяць, то хто будзе бараніць незалежнасць Беларусі? Правільна, тое самае незалежнае грамадства.

Яшчэ шакуе намер перавесці “Белсат” на рускую мову. Як я разумею , у замен на дазвол на трансляцыю ў беларускіх кабельных сетках польскамоўнага тэлеканала. Не маю нічога супраць апошняга, калі б не гэты “размен”.

Беларусаў стагоддзямі русіфікавалі з усходу і паланізавалі з захаду. Успрымалі наш народ, толькі як біяматэрыял для сваіх нацый. Але ўпершыню з захаду нас спрабуюць яшчэ і русіфікаваць.

Гістарычны досвед падказвае, да чаго можа прывесці новая палітыка польскіх уладаў. У канцы ХVIII стагоддзя, пасля прыняцця перадавой на той час канстытуцыі, за кошт правоў ВКЛ была ліквідавана канфедэратыўная пабудова Рэчы Паспалітай. Дзяржава двух народаў ператварылася ва ўнітарную польскую. Польшча стала наўпрост межаваць з Расійскай імперыяй. І праз некалькі год страціла незалежнасць.

Сітуацыя паўтарылася ў 1920 годзе, калі Польшча і ўсходняя імперыя падзялілі тэрыторыю Беларусі паміж сабой. Што здарылася праз 19 гадоў іх суседства, палякі памятаюць.

Спадзяюся, што і сярод новай польскай улады большасць складаюць адказныя цвярозыя палітыкі, якія не дазволяць сваім калегам загуляцца ў небяспечныя для будучыні нашых народаў гульні ў сяброўства з дыктатарам, за якім кроў і здрада.

 Мікалай Статкевіч                                                                         16.12.2016