Мікалай Статкевіч: гэтыя манэўры — працяг гібрыднага канфлікту
Мікалай Статкевіч лічыць манэўры «Захад-2017» вельмі небясьпечнымі для Беларусі і вызначае дзьве групы прычын гэтай небяспекі. Аб гэтым ён распавёў у інтэрв\’ю “Радыё Свабода”
Мікалай Статкевіч:
— Першае, гэта мы ўцягваемся ў канфлікт, у гібрыдны канфлікт Пуціна з Захадам і гібрыдную вайну з Украінай. На нашай зямлі Расея будзе вучыцца, як нападаць і ваяваць з NATO і, магчыма, з Украінай. Па сутнасьці, мы ўжо робімся яе саўдзельнікам у гэтым канфлікце. Пры тым, што нас могуць, не пытаючыся, уцягнуць у гарачы канфлікт, у нейкія правакацыі; мы страчваем фактычна сувэрэнітэт у такім важным пытаньні, як мір і бясьпека. А гэта ключавыя пытаньні для любой нацыі, для любой дзяржавы. Але мы тут робімся проста аб’ектам — гэта вялікая небясьпека. Ня думаю, што нехта ў здаровым розуме ці з боку Расеі, ці з боку NATO захоча ваяваць, але, з другога боку, ніхто ня хоча і саступаць. І гэтыя крокі вялікіх дзядзькоў, якія робяцца насуперак адзін аднаму, могуць прывесьці да неспадзяваных жахлівых наступстваў.
Для мяне гэтыя манэўры — працяг гібрыднага канфлікту, калі Пуцін палохае Захад. У расейскіх кіроўных элітаў ёсьць такая ілюзія, што Захад, эўрапейцы — гэта такія разбэшчаныя, сытыя сыбарыты, якія ніколі ня будуць рызыкаваць сваёй бясьпекай. Пра эўрапейцаў любяць гаварыць, што яны «мужыкі бязь яйцаў» і гэтак далей. Але калі дойдзе да пэўнага моманту, дык проста дзяржаўныя інстытуцыі зрэагуюць адпаведна і слаба не падасца, небясьпека ёсьць. Таму — калі ласка, рыхтуйцеся да вайны, але не на нашай зямлі.
Другая група пагрозаў зьвязана з самой унутранай палітыкай Расеі. Расейскія кіроўныя эліты вельмі часта скарыстоўваюць вонкавыя канфлікты для вырашэньня ўнутраных праблемаў. Наперадзе выбары прэзыдэнта Расеі, трэба ж падняць рэйтынг, таму вялікім попытам карыстаюцца набыткі былых часоў. Расейскае грамадзтва вельмі траўмаванае распадам, як яны лічаць, сваёй імпэрыі, стратай земляў, якія яны лічаць сваімі, бо калісьці іх заваявалі нібыта назаўсёды. Таму вітаецца любы крок у вяртаньні гэтых земляў. Згадайма эйфарыю, якая ўзьнікла ў Расеі пасьля першых падзей ва Ўкраіне, у Крыме — ёсьць спакуса гэта паўтарыць. Таму, калі тут зьяўляюцца войскі краіны, якія маюць досьвед ваенных дзеяньняў у захопе нашай суседкі, гэта ня можа не напружваць. Тым больш што беларускі рэжым знаходзіцца пад поўным эканамічным кантролем Расеі, а расейскія спэцслужбы тут дзейнічаюць усюды і безь перашкод. Сярод беларускіх сілавых структураў самы папулярны палітык — Пуцін, а не Лукашэнка. І гэта ўсё стварае пагрозу, што ў выніку тут застануцца вайсковыя базы, што потым можа скончыцца анэксіяй. Згадаем гісторыю балтыйскіх краінаў. У 1939 годзе СССР навязаў ім свае базы, а ў 1940-м з гэтых базаў выехалі савецкія танкі, і незалежнасьць балтыйскіх краінаў закончылася.
— А што падказвае ваш досьвед былога вайскоўца? Ці верыце вы ў тое, што Расея сюды для ўдзелу ў манэўрах прывезла ня 3 тысячы вайскоўцаў, як заяўлена, а значна больш, бо ёсьць і такія зьвесткі?
— Так, Расея традыцыйна заніжае колькасьць сваіх удзельнікаў манэўраў і карыстаецца імі за рамкамі, якія дазваляе АБСЭ, як лічыць патрэбным. Зараз шматлікім назіральнікам пакажуць толькі тое, што патрэбна, таму я дапускаю, што гэтых расейскіх войскаў сапраўды рэальна нашмат больш. Але яшчэ непараўнальна больш войскаў будуць рыхтавацца і рухацца каля межаў Беларусі. Межаў Латвіі, Эстоніі, Украіны. То бок сытуацыя можа здарыцца непапраўная, ня выключаныя і правакацыі, прыкладам, рух вялікай масы войскаў у бок якойсьці мяжы. Беларуска-ўкраінскай ці беларуска-польскай, ці літоўскай. Альбо магчымы залёт самалётаў на суседнія тэрыторыі — усё магчыма.
Безумоўна, войскі павінны вучыцца ваяваць, і беларускія таксама. Але мы ў Беларускім нацыянальным кангрэсе прапануем увогуле заканадаўча забараніць прысутнасьць чужых войскаў на тэрыторыі Беларусі. Ну, калі міратворцы вучацца, дык можна запрасіць з-за мяжы, але максымум роту міратворцаў. І такая забарона мусіць быць замацаваная ў законе.
Нам ня трэба тут іншых войскаў, мы, як той казаў, наваяваліся. Зь мінулай вайны баімся сказаць, колькі страцілі, што кожнага трэцяга. Нам хапіла чужых войнаў, мы можам і павінны змагацца толькі за сваю зямлю, за сваю незалежнасьць, а не гуляць у гэтыя гульні, якія спачатку здаюцца гібрыднымі, а потым могуць быць і больш чым гібрыдныя.